Янкоўскі: “Паўстанцы” за 5 год сталі легендарным праектам



Легендарная настольная гульня “Паўстанцы” з’явілася 5 год таму ў пачатку сакавіка 2013 года і была адным з першых беларускамоўных праектаў настольных гульняў. Стварыла гульню група маладзёнаў – цяпер творчае згуртаванне А4.

Пра адметнасць гэтага праекта распавядае адзін са стваральнікаў гульні “Паўстанцы” Антось Янкоўскі:

– Роўна пяць год таму мы прэзентавалі саму гульню. Згадваючы тыя часы, сапраўды, гульня стваралася з нейкага жарту, думкі, чаму няма нічога беларускага ў сферы настольных гульняў. У выніку атрымаўся вельмі файны праект, пасьпяховы , які надаў хвалю выпуску новых настолак.

На думку Антона Янкоўскага, гульня “Паўстанцы” патрабуе зменаў, і ў бліжэйшы час будзе зроблена перавыданне гэтага праекта.

– Будзем выпускаць абноўленую версію “Паўстанцаў”. Па-першае, там зменіцца дызайн. Па-другое, памер саміх картак. Яны стануць большымі, зручнейшымі. Па-трэцяе, з’явіцца дадатак у гульні. Гэта аптымізуе крыху гульнявы працэс, а з іншага боку – дадасць цікавосткі гульні нейкімі новымі дзеяннямі. Плануем, што гэта гульня выйдзе ў бліжэйшыя месяцы. Зараз мы актыўна працуем над яе новым выглядам. 

На думку Антона Янкоўскага, самым паспяховым праектам выдання гульняў стала перавыданне „Картаў Лапіных”, якія выпускаліся ў Гародні ў пачатку ХХ стагоддзя. Кампанія А4 перавыдала іх накладам амаль 5 тысяч асобнікаў, і яны прадаюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы ды Расеі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня