Януш Гаўрылюк пра кінафестываль Bulbamovie
Пасля чатырохгадовага перапынку ў Варшаву вяртаецца фестываль Bulbamovie. Ён адбудзецца 12-14 лістапада ў кінатэатры Iluzjon.
Прыём заявак ужо завершаны, даслана звыш 30 прац, распавёў адзін з галоўных арганізатараў, наш сённяшні „Госць Рацыі” Януш Гаўрылюк у размове з Алісай Поль.
РР: Якая мэта вашага фестывалю?
– Мы вяртаемся да пачатку, да 2011 году, калі стваралі першае Bulbamovie. Па-першае хацелі прадставіць беларускі кінематограф, які ў Польшчы быў зусім невядомы. Другая мэта, не ведаю нават ці не больш важная – гэта даць магчымасць беларускім маладым кіношнікам, каб мелі пляцоўку ў нармальным кінатэатры, дзе змогуць паказваць сваё кіно. Сітуацыя паўтараецца, як мы ўжо ведаем на сёлетнім лістападзе ўжо не будзе нацыянальнага конкурсу, які паўстаў цалкам нядаўна ў 2014 годзе.
РР: З чым быў звязаны чатырохгадовы перапынак?
– Тут дзве прычыны гэтага перапынку, бо апошняе Bulbamovie адбылося ў 2016 годзе. Першая прычына – гэта фінансавая, бо ў нас фінансавая падтрымка фестывалю была з 2011 па 2014 год. Нас падтрымлівала Міністэрства замежных спраў Польшчы. Мы гэта рабілі ў межах праекту „Польска-беларускія культурныя дзеянні”. У 2014 годзе гэта была апошняя падтрымка. У 2015 годзе мы не атрымалі гранту на гэты праект. Магчыма таму, што тады шмат грантаў пайшло на Украіну. Цяпер я падумаў, што можа таму, што мы дасягнулі мэту праекту, бо акурат у 2014 годзе, калі было апошняе Bulbamovie у Варшаве, тады і ў Менску на фестывалі „Лістапад” нарадзіўся нацыянальны конкурс, на які Bulbamovie несумненна мела ўплыў.
РР: Якімі сталі сёлетнія ўмовы прыёму заявак?
– Вельмі простыя. Мы чакалі дакументальныя і ігравыя фільмы. Нейкіх складаных умоў не было. Па першае ў нас быў вялікі перапынак, таму зноў пачынаем ад пачатку, як першы раз рабілі конкурс на Bulbamovie у Варшаве ў 2012 годзе. Быў першы конкурс на беларускія фільмы, але мы таксама не ведалі, што прыйдзе, ці ёсць нейкія незалежныя кінатворцы ў Беларусі. Мы проста вельмі рызыкавалі. Таксама было ў гэтым годзе, калі мы вярнуліся з фестывалю ў Варшаву і абвясцілі конкурс. Таксама не ведалі, што атрымаем, таму нейкіх канкрэтных умоў не ставілі, бо цяжка было прадбачыць, што можам атрымаць. Сітуацыя складаная па розных прычынах. Па першае быў COVID, менш людзей тады здымала фільмы. Потым палітычныя падзеі звязаныя з выбарамі, пратэсты, рэвалюцыя і так далей. Шмат кіношнікаў з’ехала з Беларусі. Мы проста не ведалі ці будуць нейкія фільмы. Завяршылі прыём заявак, прыйшло не шмат – 35 фільмаў з Беларусі. Мы радыя, будзем пачынаць прагляды гэтых фільмаў. Будзем выбіраць найцікавейшыя на конкурс, які адбудзецца ў рамках фестывалю ў лістападзе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Да нацыянальнага конкурсу прымаліся беларускія ігравыя і дакументальныя фільмы. На дадзены момант арганізатары праглядаюць і адбіраюць лепшыя да паказу стужкі.
Беларускае Радыё Рацыя