Яраслаў Іванюк: Попыт на беларускую кнігу ёсць і ён расце
Фонд Kamunikat.org зараз ёсць не толькі найбольш поўнай інтэрнэт-бібліятэкай беларускай літаратуры, але і выдавецтвам, і распаўсюднікам традыцыйнай папяровай кнігі.
У віленскай кавярні „Павільёнас”, дзе з аншлагам прайшла прэзентацыя перавыдання кнігі Уладзіміра Арлова „Ордэн Белай Мышы”, падчас імпрэзы людзі не адыходзілі ад стэнду Kamunikat.org, на якім яго кіраўнік Яраслаў Іванюк прадставіў кнігі розных беларускіх выдавецтваў:
– Справа простая, з Беларусі з’ехалі сотні тысяч беларусаў. У асноўным гэта актыўныя людзі, якія займаліся справай у Беларусі, цяпер іх цягне да беларускай літаратуры. Мы, як фонд „Камунікат”, выдаём кнігі, а таксама прадаём кнігі іншых выдавецтваў і рассылаем іх па ўсім свеце. Замовы сапраўды з усяго свету. Я гэтыя кнігі ўжо адпраўляў у Канаду, Амерыку, Ізраіль ды таксама амаль у кожную еўрапейскую краіну.
Як кажа Яраслаў Іванюк, за 22 гады існавання фонду як інтэрнэт-бібліятэкі ён не мог сабе ўявіць, што прыйдзе час вярнуцца да выпуску папяровых кніг. Але масавы выезд беларусаў з краіны пасля пачатку рэпрэсій, разгром незалежных выдавецтваў у Беларусі прымусіў яго перагледзіць накірункі дзейнасці Kamunikat.org:
– Ужо год таму, выдаючы кнігу Уладзіміра Някляева „Гэй Бэн Гіном”, мы зразумелі, што такога кшталту выдавецкія праекты на жаль перспектыўныя. Га жаль, бо такія кнігі павінны выдаваць у Беларусі. Мы, як беларускія выдаўцы, якія працуюць у розных месцах у Еўропе, а таксама ў Беларусі. Мы павінны працаваць у адзін голас. Мэта перад намі адна – распаўсюд беларускай літаратуры па ўсім свеце.
Бліжэйшым часам у фондзе Kamunikat.org выйдуць яшчэ дзве новыя кнігі Уладзіміра Арлова.
Беларускае Радыё Рацыя