“Ятранку” у Дзятлаве прэзентавалі пад песні “Ятранкі”
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя першага дзятлаўскага літаратурнага альманаха “Ятранка”. Прэзентацыю падрыхтавалі супрацоўнікі музея і Дзятлаўская арганізацыя ТБМ.
“Ятранка” пабачыла свет сёлета ў Лідзе. Літаратурны альманах склаў і напісаў прадмову да яго пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын. Ён і распачаў прэзентацыю, адзначыўшы, што гэта першы літаратурны альманах у гісторыі Дзятлаўшчыны.
“Ён вельмі будзе карысным для настаўнікаў і вучняў, бібліятэкараў і ўсіх тых, хто цікавіцца літаратурай, гісторыяй і культурай Дзятлаўшчыны, таму што ў альманах увайшлі творы не толькі тых, хто сёння жыве на Дзятлаўшчыне, але ў ім апублікаваны творы і пісьменнікаў Дзятлаўшчыны ХХ стагоддзя, пачынаючы ад Ігната Дварчаніна. Гэта своеасаблівая літаратурная справаздача тутэйшых літаратараў перад сваімі землякамі”, — сказаў выступоўца.
З новымі творамі і пажаданнямі цікава выступілі аўтары “Ятранкі” Вера Хрышчановіч, Ірына Касянкова, Міхаіл Лук’янчык, Раіса Лакіза. Шчырыя і чуллівыя вершы пачытала супрацоўніца музея Алена Абрамчык – таксама аўтарка “Ятранкі”.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанарда Юргілевіч адзначыла тое, што з’яўленне “Ятранкі” – добрая справа на ніве нашай агульнай беларускай літаратуры, гісторыі і краязнаўства. Дарэчы, адзін з раздзелаў альманаха прысвечаны краязнаўству. Яго аўтары Валерый Петрыкевіч, Фёдар Красюк і Дзімітрый Кузьма дапоўнілі свае артыкулы новымі звесткамі і пошукамі пра Канстанціна Астрожскага, Адама Міцкевіча на Дзятлаўшчыне і пра напалеонаўскага генерала Яна Канопку, які, мажліва, пахаваны ў Дзятлаве.
Прэзентацыю ўпрыгожыў мясцовы ансамбль “Ятранка”, які хораша спяваў і весяліў усіх удзельнікаў мерапрыемства.
У траўні на Дзятлаўшчыне мяркуецца яшчэ некалькі прэзентацый “Ятранкі” разам з гарадзенскім альманахам “Новы замак”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара