Падляшскія беларускія арганізацыі падалі скаргу на дзеянні Куратара асветы



Яўген Вапа ад імя сямнаццаці беларускіх і праваслаўных арганізацый у Польшчы падаў скаргу міністру адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславу Чарнку на дзеянні Падляшскага куратара асветы Барбары Пятрушкі. Да скаргі былі далучаны таксама звыш 2200 подпісаў людзей, якія выказаліся ў падтрымку беларускай мовы ў Бельскім і Гайнаўскім ліцэях.

Справа датычыць яе дзеянняў, якія маюць на мэце змену статусу навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйных ліцэях у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы. На практыцы гэта азначае, што навука беларускай мове ў згаданых белліцэях і здача экзамену на атэстат сталасці па беларускай мове былі б неабавязковымі, што прывяло б з часам увогуле да ліквідацыі белліцэяў.

Яўген Вапа каментуе скаргу і спасылаецца на ліст, які Падляшская куратар асветы даслала дырэктару Гайнаўскага белліцэя Ігару Лукашуку.

– Нас вельмі ўзбударажыў факт, што 27 верасня гэтага году, зусім нядаўна, Падляшская куратар асветы, спадарыня Барбара Пятрушка накіравала ліст у адрас дырэктара Гайнаўскага Беларускага Ліцэя Ігара Лукашука, у якім дамагаецца таго, каб ён скасаваў актуальны статут школы, і абавязкова даваў згоду ўсім тым, хто жадае вучыцца ў гэтай школе без навучання беларускай мовы. Гэта сведчыць пра тое, што няма ніякай добрай волі з боку асветных куратаратыйных уладаў у Беластоку, каб справу развязаць і вярнуцца да статус-кво навучальнага года 2022/23.

Чаму толькі цяпер падалі такую скаргу?

Бо гэта ёсць нармальная працэдура, мы чакалі і спадзяваліся, што на нашы пратэсты будзе пазітыўнае развязанне. Таму гэта хуткая рэакцыя на ліст за 27 верасня. Зараз няма куды адступаць і таму мы на такое рашэнне складаем скаргу. Усё адбываецца згодна з адміністрацыйнымі працэдурамі.

Зараз, як вядома, выбарчы перыяд, думаеце, што адказ на скаргу з Міністэрства прыйдзе хутка?

Мы гэты ліст са скаргай таксама накіравалі на адрас спадарыні Куратар, яна атрымала камплект усіх дакументаў з подпісамі. І цяпер трэба пытацца пастаянна ў Міністэрстве адукацыі і ў Падляшскай Кураторыі Асветы. Мы павінны разумець, што гэтыя школы існуюць цалкам у польскай сістэме адукацыі і гэта ня ёсць асвета нацыянальнай меншасці, бо каб было ў сістэме нацыянальнай меншасці, то ўсе прадметы вывучаліся б на беларускай мове, а былі б яшчэ польская мова, гісторыя, грамадазнаўства на польскай мове. А так гэта ёсьць польская форма асветы з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Я, як былы вучань ліцэя, і потым настаўнік гэтага ліцэя ў Гайнаўцы, разумею, што можна ўявіць, каб была магчымасць вучням не хадзіць на біялогію, матэматыку, польскую мову, усе б гэтым скарысталіся. Але на тым палягае сістэмная асвета, што сістэмна нечаму вучацца. І калі пераступаецца парог навучальнай установы, дзе ўсе прадметы па-польску, а толькі адзін прадмет ёсць беларуская мова, літаратура, гісторыя ў тых жа ліцэях, то абавязковасць засцерагаецца сістэмай, якая функцыянавала гадамі і гэта сама важнае. Па-другое, калі ўсе гавораць пра шматкультурнасць, пра пазнаванне адзін другога, то які найлепшы спосаб, каб спазнаць беларускую культуру, беларускае асяроддзе і ўзаемашацунак?!

Цалком каментар слухайце ў далучаным файле:

Агульнаадукацыйныя ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мове ў Бельску Падляшскім і Гайнаўцы – гэта школы ў якіх ад некалькіх дзесяцігоддзяў абавязваў статус, згодна з якім вучні, якія паступаюць туды навучацца, абавязаны вучыцца беларускай мове і здаваць экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове. Гэтую сітуацыю з мінулага навучальнага года спрабуюць змяніць некаторыя бацькі вучняў з Бельскага беларускага ліцэя, якіх падтрымлівае Падляшская куратар асветы. Пад петыцыяй у абарону навучання беларускай мове ў Бельскім і Гайнаўскім белліцэях падпісаліся больш за 2200 асобаў, у большасці выпускнікі згаданых школаў.

Беларускае Радыё Рацыя