Яўгенія Рамановіч з Гародні выступіць ў амерыканскім праекце
Гарадзенская акторка і дырэктарка ДОМа46 Яўгенія Рамановіч прыме ўдзел ў міжнародным праекце, якім займаецца харэограф з Нью-Ёрка Колін Томас-Янг. Адбор адбываўся ў польскім Любліне, дзе ў лістападзе і адбудзецца прэм’ера пастаноўкі.
Пра тое ці цяжка было патрапіць у кастынг гэтага праекту распавядае Яўгенія Рамановіч:
— Я паехала ў Люблін, там праходзіць фестываль танца і мяне запрасілі мае калегі, папрасілі выбраць працы для Гародні. То бок яны будуць рабіць польскую платформу ў Беларусі і прадстаўляць працы ў розных гарадах. Для Гародні я выбірала спектаклі і яны сказалі, што тут яшчэ паралельна будзе кастынг: амерыканская харэограф выбірае для свайго праекту танцораў з Польшчы, можаш пахадзіць. Доўжыўся гэты кастынг тыдзень.
На думку Яўгеніі Рамановіч сам кастынг быў вельмі цяжкай працай:
— Мы працавалі, паказвалі, самі прыдумвалі харэаграфію, працавалі партнёрам, перараблялі харэаграфію. Я давала нейкае заданне і мы мелі яго трансфармаваць. Яна глядзела як хутка мы запамінаем, паказвала двойчы. А мы мелі адразу паўтарыць. Глядзела як мы імправізуем, наколькі мы крэатыўныя. Мы працавалі з тэкстамі, яна давала заданне кшталту: цытата, якая вас адлюстроўвае. Ужо па завяршэнне яна выбрала чатырох польскіх танцораў, мяне з Беларусі і аднаго ўкраінца.
Цягам бліжэйшых 6 месяцаў акторы тэатра La MaMa, у які патрпіла Яўгенія Рамановіч будуць ладзіць супольныя рэпетыцыі, а сама пастаноўка будзе паказана пад часвялікага фэста. Потым актораў чакаюць прэм’еры ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе паказ адбудзецца у Нью-Ёрку пройдзе ў маі 2019 года.
Беларускае Радыё Рацыя