Яўгену Лецку – 75
Празаіку, крытыку і перакладчыку Яўгену Лецку, які родам з вёскі Пабрэззе Наваградскага раёна, 20 красавіка спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння.
На грамадзянска-палітычныя пачуцці пісьменніка вельмі паўплываў бацька, які быў сябрам Беларускай сялянска-работніцкай Грамады ў былой Заходняй Беларусі.
Пасля заканчэння Нягневіцкай сярэдняй школы ў 1962 годзе Яўген паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (падчас навучання працаваў на заводзе, а таксама настаўнічаў). Пасля ўніверсітэта быў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання ў г. п. Карэлічы. Друкавацца пачаў у мясцовай раённай газеце “Полымя”. А ў 1971 годзе Яўген Лецка закончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. Кандыдат філалагічных навук (1980). У 1971–1986 гадах працаваў у інстытуце Акадэміі Навук Беларусі, у 1986–1997 – у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, з 1993 года быў дырэктарам выдавецтва “Бацькаўшчына”. У 1990–1993 гадах узначальваў Раду Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Яўген Лецка – аўтар аповесцяў “Па цаліку” (1977), “Дарога ў два канцы” (1981), якія вызначаюцца псіхалагізмам, добрым адчуваннем мовы. Як літаратуразнаўца даследуе мастацкія адметнасці, стыль беларускіх празаікаў, узаемадзеянне літаратуры і чытача ( “Выхаваўчая роля літаратуры”, 1980; “Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка”, 1985). Ён з’яўляецца складальнікам літаратурна-краязнаўчага зборніка “Вобраз” (1981), зборнікаў апавяданняў маладых пісьменнікаў “Цяпло на першацвет” (1985), “Акно ў зялены сад” (1988), кніг твораў Міколы Дзяшкевіча (1991), Лукаша Калюгі (1992), Андрэя Мрыя (1993) і многіх іншых.
Акрамя гэтага Яўген Лецка – аўтар дакументальнага фільма пра Янку Купалу, перакладаў з украінскай мовы. Выступае ў перыядычным друку з нарысамі і артыкуламі пра экалогію, стаўленне да роднай мовы… Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1977 года.
Шчыра віншуем Яўгена Раманавіча з юбілем і жадаем яму здароўя і творчага натхнення!
Беларускае Радыё Рацыя