Яўрэйскі складнік беларускай гісторыі



Яўрэйскі складнік беларускай гісторыі відавочны і бесспрэчны. Першыя яўрэі з’явіліся ў нас яшчэ за часамі Полацкага княства. Пры Вітаўце беларускія яўрэі атрымалі такія прывілеі, якія іх супляменнікі ў суседніх краінах не мелі нават і ў 19 стагоддзі. Праблемы ў тутэйшага яўрэйства пачаліся толькі пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай і ўвядзення “рысы аседласці”: высокія падаткі, усялякія абмежаванні і пагромы пачатку ХХ стагоддзя.

Магілёў заўсёды лічыўся ці не самым яўрэйскім горадам Беларусі: у 1911 годзе яўрэі складалі амаль 45 % ад усяго насельніцтва.

Якім быў той Магілёў? Чаму ў расейскай традыцыі гэты горад – сінонімам занядбанай правінцыі? Якія праявы антысемітызму былі ў Магілёве ўжо ў наш час?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Давідам Лісоўскім – рэканструктарам магілёўскай гісторыі, магілёўскім яўрэям і беларускім патрыётам, які жыве ў Нямеччыне.

^DBAC3C83F297511738D28884520D14F3523FF52D1FA776954A^pimgpsh_fullsize_distr

Давід Лісоўскі: Сам я нарадзіўся ў Магілёве, дзе вырас і вывучыўся. Сем гадоў таму пераехаў у Нямеччыну. Яшчэ ў Магілёве мы з жонкай пачалі вяртацца да яўрэйскай традыцыі, а ўжо тут працягнулі. А што тычыцца беларускай мовы, то яны прыйшла да нас хутчэй у Нямеччыне, чым калі мы жылі ў Беларусі. Згадвалі школьную праграму, чыталі кніжкі… Мова неяк сама і вярнулася. Потым я вырашыў, што ў Сеціве буду пісаць толькі беларускай мовай.

РР: Але ж я ведаю багата яўрэяў, якія з’ехалі ў тую ж Нямеччыну, і дзе яны хочуць быць большымі немцамі, чым нават самі немцы!

Давід Лісоўскі: Я б пра такіх сказаў: “Яны менш яўрэі, чым самі яўрэі”. Гэта людзі, якія заўсёды прыстасоўваюцца: да савецкай улады, да беларускай… Куды б яны не паехалі, яны заўсёды прыстасоўваюцца, каб не вылучацца!

РР: Давайце пяройдзем да Магілёва. У расейскай традыцыі гэты горад заўсёды быў сінонімам занядбанасці і правінцыйнасці…

Давід Лісоўскі: Людзі, якія так сцвярджаюць, пераносяць на Магілёў тое, што бачылі навакол сябе. Калі ўзяць тагачасныя ўспаміны падарожнікаў з усходу ці артыкулы ў тагачасным расейскім друку, прысвечаныя Магілёву, то расейцы бачаць наш горад, як занядбанае мястэчка, далёка ў правінцыі, дзе няма нічога цікавага. А вось у аповядах еўрапейскіх рэпарцёраў і вандроўнікаў Магілеў – цудоўнае месца: маляўнічыя краявіды, Дняпро, еўрапейскія будынкі… Так што ўсё залежыць не ад горада, а ад таго, хто на яго глядзіць.

РР: Так, Магілёў – далёка не правінцыя, а горад з багатай гісторыяй. А якім быў сярэднявечны Магілёў?

Давід Лісоўскі: За часамі, калі Магілёў быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, а потым і Рэчы Паспалітай, гэта быў далёка не правінцыйны горад. Хаця і знаходзіўся на мяжы. Гэта быў усходні фарпост, буйны гандлёвы цэнтр, адзін з асяродкаў кніжнага друкарства. Тая ж друкарня Брацкага манастыра… Да вайны з Масковіяй сярэдзіны ХVII стагоддзя горад квітнеў і мог зраўніцца нават з Вільняй. Але пасля той вайны, і пасля Паўночнай вайны ад таго Магілёва мала што засталося.

РР: А ў чым еўрапейскасць Магілёва?

Давід Лісоўскі: Перад усім у тым, што наш горад меў Магдэбургскае права. Горад меў уласную эканоміку, сваю культуру і сам абіраў шляхі свайго развіцця. Нават падчас вайны з Масковіяй горад спярша сам вырашыў перакінуцца на бок ворага. А потым сам вырашыў вярнуцца назад.

РР: Вы маеце на ўвазе магілёўскае паўстанне?

Давід Лісоўскі: Так-так. Спачатку пераход пад уладу Масквы ў 1654 годзе, а потым знакамітае антымаскоўскае паўстанне 1661 года.

РР: Магілёў ніколі не быў монаэтнічным і монарэлігійным. Тут былі людзі розных веравызнанняў, розных канфесій і розных нацыянальнасцяў. І ўсе выдатна адзін з адным ладзілі.

Давід Лісоўскі: Так было не толькі ў Магілёве, але і ва ўсіх гарадах нашай краіны. Бо яна знаходзілася на мяжы Еўропы і Азіі, у тагачасным разуменні… а таксама Поўдня і Поўначы. Праз нашу краіну праходзілі асноўныя гандлёвыя шляхі таго часу. Таму ў буйных беларускіх гарадах заўсёды былі людзі розных народаў і розных веравызнанняў, людзі рознага паходжання, і гэта было нормай жыцця. У нашым горадзе спакойна суіснавалі і беларусы, і яўрэі, і татары, і немцы…

РР: Калі ласка, раскажыце пра яўрэйскую грамаду Магілёва.

Давід Лісоўскі: Калі яўрэяў выгналі з Гішпаніі, большая іх частка пайшла на поўдзень. Але ж малая частка накіравалася ў Нямеччыну, дзе ўжо былі яўрэі і дзе яны жылі суадносна спакойна. Прынамсі, з краіны іх ніхто не выганяў. Але потым жыццё  іх стала невыносным і ў Нямеччыне, і яўрэі пацягнуліся на ўсход. Спярша ў Польшчу, а потым і ў Беларусь. У Магілёве яўрэі массава пачалі з’яўляцца напрыканцы ХVI стагоддзя. Займаліся гандлем, рамёствамі. Але потым прыйшла расейская ўлада, і яўрэям Магілёва было ўжо не так добра…

РР: “Рыса аседласці”?

Давід Лісоўскі: Так-так. Маскоўская ўлада наклала на яўрэяў столькі абмежаванняў, што значная колькасць іх збяднела амаль да жабрацкага стану.

РР: А потым яшчэ і пагромы распачаліся…

Давід Лісоўскі: Гэта – уплыў нашага ўсходняга суседа. Бо, калі паглядзець на тых пагромнікаў, то ўдзел у пагромах бралі пераважна ці вайскоўцы, ці супрацоўнікі чыгунак, дзе этнічных беларусаў было няшмат. Гэта былі пераважна людзі, якія прыехалі з Расеі.

РР: Як не памыляюся, яўрэяў вінавацілі ў рытуальных забойствах, а таксама ў тым, што яны нібыта дадаюць крывю хрысціянскіх немаўля ў мацу?

Давід Лісоўскі: Так. Між іншым, падобная гісторыя была ў Магілёве нават напачатку XXI стагоддзя. Яўрэі Магілёва пачалі выпускаць кашэрны хлеб – з пячаткай рабі, як і мае быць. Неўзабаве ў адной з магілёўскіх газет з’явіўся артыкул, што яўрэі дадаюць туды перацёртыя ў муку косткі і нават крывю. Потым, вядома ж, надрукавалі абвяржэнне і папрасілі прабачэнне, але ж выпадак, як кажуць, “меў месца”.

РР: Уявіце: вы – мэр Магілёва. Што б вы зрабілі для горада найперш?

Давід Лісоўскі: Мэр-яўрэй – гэта цікава… Калі б падобнае ў нейкі цуд здарылася, я б паспрабаваў абараніць тое што яшчэ можна захаваць з гістарычнай спадчыны. Апошнія помнікі таго старога Магілёва, ад якога амаль нічога не засталося. Бо менавіта гэтыя адметнасці робяць Магілёў адрозным ад іншых гарадоў. Бо калі ўсё гэта знішчыць, як знішчаецца цяпер, то горад стане нічым не прывабным ані для мясцовых жыхароў, ані для турыстаў.

Цяпер у Магілёве засталося  каля 3000 яўрэяў, прытым колькасць колькасць іх штогод няўхільна змяншаецца.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя