Язэп Палубятка: Напісаў я 36 трыялетаў “Каханне і Радзіма”
У чацвер, 14 кастрычніка, сваякі, сябры і землякі віншуюць сябра Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Язэпа Палубятку з Мастоў з днём нараджэння. І хоць дата не круглая, тым не менш, спадару Язэпу ўсе жадаюць здароўя, дабра і творчых сіл.
Наш карэспандэнт у гэты дзень задаў яму толькі адно пытанне: чым вы ўвесь гэты час займаецеся ў Мастах? На гэта Язэп Палубятка адказаў так:
– Пасля Менску я вярнуўся ў родныя Масты, дзе ўладкаваўся на адну пілараму. Шмат гадоў там адпрацаваў, але ўжо надакучыла цягаць бярвенні. І я пакінуў гэту працу. Пісаў у „Газету Слонімскую”. Папяровы варыянт газеты ўлады ліквідавалі. Таму ўжо няма куды пісаць. Цяпер я – пенсіянер. Жыву на пенсію. Напісана шмат твораў, некалькі аповесцяў. Але кнігу ніводную не выдаў, бо патрэбны фінансы на іх выданне, а грошай няма. Проста пішу ў шуфлядку, сёе-тое ёсць у Інтэрнеце. Нядаўна напісаў 36 трыялетаў пад агульнай назвай “Каханне і Радзіма”. Вось адзін з іх, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму:
Гарачае сэрца бунту жадала,
Волі хацела для роднага краю.
Цяжка быць вольным, гэта я знаю,
Гарачае сэрца бунту жадала.
Сэрца жадала мяшканцам ўсім раю,
Здзеку чужынцаў ніяк не трывала.
Сэрца гарачае бунту жадала,
Волі хацела для роднага краю.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Масты