Язэп Вількоўшчык вяртаецца на Беларусь
На старонках беларускіх віленскіх выданняў у 1930-х гадах шмат друкавалася аўтараў пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, сапраўдныя прозвішчы якіх да сённяшніх дзён нерасшыфраваныя, нераскрытыя, застаюцца нам невядомымі. Гэта дзясяткі паэтаў, празаікаў, простых карэспандэнтаў з розных рэгіёнаў былой Заходняй Беларусі, якія дасылалі навіны са сваіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Але, як кажуць у народзе, нішто нікуды не знікае і не прападае. Не знікла ў невядомасць і творчасць заходнебеларускага паэта Язэпа Вількоўскага (1898-1984). Гэта яго дзясяткі лірычных вершаў і розных баек друкаваліся ў віленскіх календарах, калектыўных зборніках, у часопісах “Шлях моладзі”, “Нёман”, у “Беларускай крыніцы” і іншых. Пад сваімі творамі ён рэдка ставіў уласнае прозвішча Язэп Вількоўскі, часцей за ўсё ён падпісваўся Язэп Вількоўшчык, Я.Вількоўшчык, Vilkouscyk J., Vilkoscyk Jazep, J.V., Я.В..
Язэп Вількоўскі (крайні злева ) з бацькам, маці, сястрой і пляменніцай, 1930 г.
Язэп Вількоўскі з сёстрамі Вольгай і Верай, 1914 г.
Язэп Вількоўшчык. Мастак Г. Саўчук. 1940 г.
Язэп Вількоўшчык
Язэп Вількоўшчык нарадзіўся 19 лістапада 1898 года ў вёсцы Гавенавічы Слонімскага павета (цяпер гэта вёска Падгорная Баравіцкага раёна). У сям’і Вількоўскіх было яшчэ чатыры сястры і брат, але брат загінуў у Першую сусветную вайну. Маці нідзе не працавала, а даглядала дзяцей, а таксама дапамагала мужу, які трымаў сваю прыватную невялікую краму. Усім адукацыю Вількоўскія даць не маглі, таму найбольш хваляваліся за сына Язэпа, які хацеў вучыцца.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, рускія казакі выгналі сям’ю Вількоўскіх, як і тысячы іншых беларусаў, у глыб Расеі. Вількоўскія трапілі ў Казанскую губерню. Там Язэп скончыў школу і паступіў у Казанскі медыцынскі інстытут. Сродкаў на вучобу і пражыванне не хапала, таму беларускі юнак падпрацоўваў у розных канторах. То грузчыкам, то па-мастацку распісваў сувеніры, то пісаў плакаты і афармляў стэнды. Але ўсе роўна з фінансамі была праблема, жыць і вучыцца было цяжка, а яшчэ сям’я Вількоўскіх вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Таму Язэп пакідае медінстытут і разам з бацькамі на пачатку 1920-х гадоў вяртаецца на Слонімшчыну.
Атрымаўшы пэўную адукацыю ў бежанстве, ён шмат чытае, спрабуе сам пісаць вершы і байкі на рускай мове. У 1927 годзе адзін з вершаў па-руску ён адсылае ў “Беларускую крыніцу”, дзе праз часопіс у рубрыцы “Наша пошта” атрымлівае адказ: “Працы Вашай, на жаль, не надрукуем, бо яна напісана па-расейску. Прабуйце пісаць па-беларуску. Пішыце, што ў Вас чуваць? Верш дужа слабы і да друку не падойдзе” (“Belaruskaja krynica”, 1927, №27).
Сядзець склаўшы рукі на Слонімшчыне юнак не хацеў, таму паехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. Падчас вучобы на гэтых курсах ён пазнаёміўся ў Вільні з беларускімі выданнямі, з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, пасля курсаў ён пэўны час працаваў бухгалтарам у Вільні. Тады і пачынае спрабаваць пісаць, але ўжо на роднай мове. У 1930-м годзе Язэп Вількоўскі вяртаецца на Слонімшчыну. Тут ён таксама знаёміцца з творчымі людзьмі: літаратарамі, мастакамі, музыкантамі, але палітыкай не займаецца. Як пісаў да аўтара гэтых радкоў Сяргей Хмара, у 1937 годзе ў Дзятлаве была створана літаратурная суполка “Маладая Ускалось”. Тады на першым з’ездзе прысутнічалі Аляксандр Бяленка, Алена Лябецкая, Алесь Крыга, Язэп Вількоўшчык і іншыя. Далей Сяргей Хмара паведамляе, што пасля вайны Язэп Вількоўшчык быў знішчаны супрацоўнікамі КГБ. Аказваецца, не. Язэпа Вількоўшчыка сталінскія рэпрэсіі мінулі. Як гэта яму арышту ўдалося пазбегнуць – застаецца загадкай.
Перад Другой сусветнай вайной сям’я Вількоўскіх пераехала ў Слонім. Дзе працаваў Язэп Вількоўскі і кім перад вайной і падчас акупацыі – невядома. Але ў кастрычніку 1944 года, згодна “Выпіскі з працоўнай кніжкі”, ён уладкаваўся на 9-ю дыстанцыю службовага пуці станцыі Слонім – Брэст-Літоўскі на пасаду бухгалтара канторы. Да гэтай пасады ён меў ужо працоўны стаж 14 гадоў і 2 месяцы. На чыгуначнай станцыі «Слонім» Язэп Вількоўскі адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. А потым ён працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі “Вторпром”, потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.
Язэп Вількоўскі – супрацоўнік чыгуначнай станцыі Слонім, 1940-я гады.
Марыя Вількоўская (Галуза) – жонка Язэпа Вількоўскага
Пражыў Язэп Вількоўшчык 86 гадоў, яго не стала 18 сакавіка 1984 года. Пахавалі паэта на слонімскіх гарадскіх могілках.
Свае паэтычныя творы Язэп Вількоўшчык пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-х гадоў. Пад некаторымі творамі было пазначана: Слонім, 1930 г. Асабліва плённымі для яго былі 1932-1934 гады. Напрыклад, часопісы “Нёман” і “Шлях моладзі” не паспявалі ўсё дасланае ім друкаваць. Слонімскі аўтар нават выказваў у пісьмах сваю крыўду.
Язэп Вількоўшчык не толькі піша творы, але і дапамагае распаўсюджваць віленскія беларускія выданні на Слонімшчыне. “Беларуская крыніца” 17 студзеня 1932 года пісала: “Дзякуем, надрукуем, пішыце больш. Вельмі пажадана, каб у якой-небудзь кнігарні ў Вас прадаваліся беларускія газеты. Пастараемся навязаць з імі зносіны. А можа Вы пагаворыце? Рапат (зніжка кошту з тавара) дамо 50 працэнтаў”. І паэт шчыра дапамагаў распаўсюджваць беларускія выданні.
Хутка слонімскі літаратар становіцца вядомым у Вільні. 8 студзеня 1933 года на яго хатні слонімскі адрас (вул. Славацкага, 28-2) прыходзіць запрашэнне ад Станіслава Станкевіча: “З мэтаю зазнаямлення шырэйшых кругоў беларускага грамадзянства з маладой беларускай літаратурай у Заходняй Беларусі і яе прадстаўнікамі Таварыства прыяцеляў беларусаведы пры У.С.Б. у Вільні ў хуткім часе ладзіць у Вільні аўтарскі вечар, на якім запрошаныя паэты будуць чытаць свае творы. Вечар адбудзецца ў сакавіку г.г., дакладны ж тэрмін вечару ўстановіцца толькі пасля паразумення з паэтамі, запрошанымі дзеля ўчасця ў вечары. У сувязі з вышэйшым Урад Таварыства мае гонар Вас запрасіць дзеля ўчасця ў вечары і паведаміць нас аб сваёй згодзе аб тым, які дакладна тэрмін найлепш Вам адпаведны (дзеля прыезду ў Вільню). Пажадана было б, каб Вы паведамілі, якія творы будзеце магчы прачытаць на вечары. Таварыства спадзяецца, што не адмовіце яго запрашэнню і пагодзіцеся прыбыць на азначаны час у Вільню і выступіць на ўспомненым вечары. Пасля атрымання ад Вас адказу безадкладна паведамім аб дакладным тэрміне вечару. Дзеля ўчасця ў вечары запрошаны наступныя паэты: А.Арсеннева, М.Машара, М.Васілёк, А.Бартуль, Х.Ільяшэвіч, Я.Быліна, Я.Вількоўшчык і Б.Кляпацкі. З пашанаю Станіслаў Станкевіч”.
Язэп Вількоўшчык быў рады запрашэнню і даў згоду на прыезд у Вільню. 20 лютага 1933 года з Вільні ён зноў атрымлівае ліст-падзяку: “Яго міласці паважанаму грам. Язэпу Вількоўшчыку ў Слоніме. Вельмі дзякуем за згоду прыняць удзел у Літаратурным вечары і адначасна паведамляем, што ўспомнены вечар адбудзецца дня 7 мая (нядзеля) г.г. у адной з залаў Віленскага ўніверсітэта. Па меры магчымасці просім Вас асабіста прыбыць на азначаны тэрмін у Вільню, у праціўным выпадку прыслаць нам некалькі лепшых сваіх твораў дзеля прадэкламавання іх на вечары. Пажадана, каб гэтыя творы былі не друкаваныя. Творы, прысвечаныя дзеля адчытання на вечары, пажадана, каб былі нам прысланыя не пазней, як за месяц перад вечарам. З глыбокай пашанаю за Урад Таварыства старшыня Станіслаў Станкевіч і сакратар Янка Хвораст”.
Язэп Вількоўшчык наведаў Вільню і выступіў на вечары паэтаў Заходняй Беларусі. Чытаў ён свае вершы разам з Наталляй Арсенневай, Міхасём Машарам, Міхасём Васільком і паэтамі-студэнтамі. Прысутнічалі на вечары і Янка Быліна разам з Хведарам Ільяшэвічам, але яны сваіх вершаў не чыталі. Пра гэту вечарыну пісаў часопіс “Шлях моладзі” ў траўні 1933 года.
Вершы Язэп Вількоўшчык пісаў на самыя розныя тэмы. Найперш яго хваляваў лёс роднай Бацькаўшчыны, якой ён спяваў “сумныя песні”, бо перажываў за матку-Айчыну, якую “сэрцам кахаў”, за лёс свайго народа. Разам з тым заходнебеларускі паэт адрасаваў свае паэтычныя радкі і тым, хто змагаўся за Радзіму і за гэта “пайшоў у турму”.
Пісаў паэт і пра простых людзей, якія жылі з ім побач, якія працавалі на роднай зямлі, а маладых паэтаў ён заклікаў у “край адраджэння, свабоды для ўсіх”.
Шмат вершаў у паэта напісалася пра жыццё і смерць. Асабліва, калі ён быў беспрацоўным у Слоніме ў першай палове 1933-га года, бо некаторыя свае допісы ў Вільню ён падпісваў нават псеўданімам Безработны.
Паэт умеў разважаць, філасофстваваць над лёсам свайго народа. Дарэчы, ён добра быў знаёмы з Бібліяй, цікавіўся гісторыяй Беларусі, еўрапейскай міфалогіяй. Па вершах Язэпа Вількоўшчыка можна меркаваць, што гэты чалавек валодаў літаратурнымі здольнасцямі, самабытным паэтычным талентам, лёгка мог раскрыць характар сацыяльных змен і зрухаў.
У другой палове 1930-х гадоў Язэп Вількоўшчык шмат пачаў пісаць для дзяцей. У 1936 годзе ён актыўна супрацоўнічаў з віленскім беларускім дзіцячым часопісам “Пралескі”. На яго старонках ён публікуе невялікія артыкульчыкі пра князёў Вялікага княства Літоўскага – Гедыміна, Альгерта, Кейстута, Ягайлу, Вітаўта.
Пісаў заходнебеларускі паэт і байкі. Мажліва, яны ў яго нават атрымліваліся лепшымі за лірычныя вершы. Акрамя баек, Язэпам Вількоўшчыкам было напісана і апублікавана яшчэ некалькі дзясяткаў гэтых алегарычных твораў павучальна-гумарыстычнага і сатырычнага характару. Жыццё людзей паэт адлюстроўваў у вобразах жывёлаў, раслінаў, рэчаў або зводзіў да ўмоўных адносінаў.
Усё, сказанае вышэй пра Язэпа Вількоўшчыка і яго час, наводзіць на думку: чаму пра паэта ў савецкі час і сёння ніколі не згадвалі ў сваіх кнігах даследчыкі літаратуры Заходняй Беларусі Уладзімір Калеснік, Арсень Ліс, Аляксей Пяткевіч, Мікола Мікуліч і іншыя даследчыкі?.. Чаму Уладзімір Калеснік не ўключыў у складзеныя ім кнігі “Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і “Ростані волі” (Мн., 1990) ніводнага верша Язэпа Вількоўшчыка? А Мікола Мікуліч у сваёй кнізе “Паэзія Заходняй Беларусі (1921-1939)” (Мн., 2010. С.116) пра Язэпа Вількоўшчыка згадаў толькі ў адным сказе: “Асаблівасці лірыка-апавядальнай стылявой плыні былі дамінуючымі ў творах многіх іншых заходнебеларускіх аўтараў, таленавітых прадстаўнікоў масавай самадзейнай паэзіі, – Я.Вількоўшчыка, У.Казаровіча, Ф.Каравацкага, С.Новіка-Пеюна”.
Паважаны доктар філалагічных навук Арсень Ліс пры жыцці шчыра адказаў мне: “Таму што мы мала пра яго што ведалі. Чыталі яго творы ў заходнебеларускіх выданнях, але дзе ён жыў, як склаўся ягоны лёс – ніхто з нас не чуў. Мы даследавалі творчасць больш вядомых літаратараў Заходняй Беларусі – Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Алеся Салагуба, Леапольда Родзевіча, Міхася Васілька і іншых”.
У 2015 годзе разам з Сяргеем Яршом я сабраў і ўпершыню выдаў кнігу літаратурных твораў Язэпа Вількоўшчыка “Прыкрыты сэрца боль”. Гэтым самым мы ўпершыню вярнулі ў гісторыю беларускай літаратуры яшчэ адно імя.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара