Язэпу Янушкевічу – 60



Беларускаму пісьменніку, архівісту-археографу, тэкстолагу-крыніцазнаўцу Язэпу Янушкевічу 7 сакавіка спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.

Язэп Янушкевіч

Родам Язэп Янушкевіч з мястэчка Ракаў. Скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Усё жыццё займаецца пошукамі звестак пра беларускіх пісьменнікаў, пра старыя выданні і паўстанцаў 1863 года. Апублікаваў каля 500 артыкулаў, выдаў шэраг кніг, у тым ліку – “У прадчуванні знаходак”, “За архіўным парогам”, “Святыня над Іслачай”, “Дыярыюш з XIX стагоддзя”, “Зямля кенатафаў” і іншыя. Гэта, дзякуючы Язэпу Янушкевічу, упершыню быў апублікаваны арыгінал “Пінскай шляхты” В.Дуніна-Марцінкевіча. Даследчык у архівах знайшоў і апублікаваў шмат новых звестак пра Кастуся Каліноўскага, Уладзіміра Караткевіча, Адама Кіркора, Янку Купалу, Францішка Багушэвіча, Паўліну Мядзёлку, Вацлава Ластоўскага, Паўлюка Багрыма.

Язэп Янушкевіч, Вера Рыч і Уладзімір Някляеў.

У 2015 годзе Язэп Янушкевіч разам з дачкой Камілай падрыхтаваў і выдаў арыгінальнае даследаванне ў фотаздымках “Партрэты паўстаньня 1863-1865”, дзе пададзена каля 250 фотапартрэтаў удзельнікаў паўстання. Сярод якіх не толькі ліцьвіны, палякі, але і людзі іншых народаў: Венгрыі, Італіі, Латвіі, Летувы, Украіны. У 2007 годзе Язэп Янушкевіч быў узнагароджаны ў Варшаве прэміяй імя Льва Сапегі.

З Данутай Бічэль у Зэльве 2008 г.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя