Ёй хапала адной Беларусі
20 верасня беларускай паэтцы, перакладчыцы, грамадска-культурнаму дзеячу Ніне Мацяш (1943-2008) спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння. Яна напісала і выдала каля 50 кніг паэзіі, перакладаў і твораў для дзяцей.
Родам Ніна Мацяш была з вёскі Нівы Бярозаўскага раёна. У 1960 годзе яна скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла на нямецка-французскае адзяленне Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. З-за хваробы вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла інстытут у 1966 годзе) У 1973-1977 гадах працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы.
У 1970 годзе ў выдавецтве “Беларусь” пабачыў свет яе першы паэтычны зборнік “Агонь”. Гэта была невялікая кішэннага фармату кніжка тыражом у 2000 экзэмпляраў. Але для самой Ніны, для ўсяго раённага літаратурнага аб’яднання “Крыніца”, з’яўленне гэтага зборніка было з’явай знакавай.
Ніна Мацяш з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў “Ралля суровая”, “Удзячнасць”, “Прыручэнне вясны”, “Поўны келіх”, “Жнівень”, “Шчаслівай долю назаві”, “Паміж усмешкай і слязой”, “Душою з небам гаварыць”, “Я вас люблю”, “Богава дрэва”, “У прыгаршчах ветру” і іншых. Паэтка ярка і ўсхвалявана пісала пра людзей, багатых душэўным святлом, пра іх натхнёную працу, пра каханне і Радзіму:
Што не па-людску складваю ў жыцці,
Падчас і па чужых краях журуся,
А хопіць і куточка Беларусі,
Каб цэлы век свой да яе ісці.
Перакладала паэтка творы з французскай, нямецкай, польскай, украінскай ды іншых славянскіх моў. У яе перакладзе вышлі кнігі Жана Аліўе “У краіне індзейцаў”, Антуана дэ Сент-Экзюперы “Планета людзей”, “Маленькі прынц”, Франсуа Жакмэна “Поры году”, “Багаславі сустрэчу мне…”, “Выбраная лірыка Плеяды”, “Перабіраю самацветы”, “Гарнуся душою да слова” і многія іншыя.
Шмат вершаў Ніны Мацяш пакладзены на музыку рознымі кампазітарамі і ёю самою. Як набытак гэтага песеннага таленту засталіся аўдыёкасета “Бэзавая завіруха” і кампакт-дыск. Цікавым захапленнем Ніны Мацяш было вышыванне і пёркаграфія. Не стала паэткі 19 снежня 2008 года.
Памяць пра Ніну Мацяш на Берасцейшчыне добра ўшанавана. На яе доме, дзе яна жыла, устаноўлена мемарыяльная дошка. З 2010 года Белаазёрская гарадская бібліятэка носіць імя паэткі і ладзіць штогод 20 верасня, у дзень яе нараджэння, літаратурныя чытанні памяці паэткі “Бабіна лета ў Белаазёрску”, у якіх удзельнічаюць вядомыя пісьменнікі Беларусі, мясцовыя літаратары, грамадскасць раёна.
Ніна Мацяш з’яўлялася лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1984) за “Паэму жніва”, прэміі “Берасцейская зорка-1998” у намінацыі “Літаратура”, Міжнароднай прэміі імя Рыгора Скаварады, Літаратурнай прэміі Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта імя Уладзіміра Калесніка (2009) за зборнік паэзіі “У прыгоршчах ветру” (пасмяротна). Яна — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін горада Белаазёрск.
Беларускае Радыё Рацыя