Ён быў дырэктарам Наваградскай беларускай гімназіі
Да 130-годдзя беларускага грамадскага дзеяча і педагога Яна Цеханоўскага (1888-1938).
30 сакавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння былога дырэктара Наваградскай беларускай гімназіі Яна Цеханоўскага. Пра яго добрым словам згадаў некалі Андрэй Чэмер у сваёй кнізе “Наваградская беларуская гімназія” (Вільня, 1997). Ды і гэтая кніга была прысвечана “памяці палымянага патрыёта Яна Цеханоўскага і яго вучняў, загубленых у казематах і лагерах”.
Родам Ян Цеханоўскі быў з вёскі Якімаўка Рэчыцкага павета. Перад Першай сусветнай вайной ён скончыў Менскую праваслаўную духоўную семінарыю і Пецярбургскі політэхнічны інстытут. У 1918 годзе быў дырэктарам рэальнай школы ў Ракаве, займаўся нацыянальнай патрыятычнай дзейнасцю. Быў арыштаваны палякамі, сядзеў за кратамі.
Пасля турмы Ян Цеханоўскі пераехаў у Наваградак, а 1 верасня 1921 года быў прызначаны дырэктарам Наваградскай беларускай гімназіі. Там ён не толькі кіраваў гімназіяй, а таксама таксама выкладаў беларускую мову і літаратуру, латынь, гісторыю Беларусі і прыродазнаўства. Але польскія ўлады яго па-ранейшаму праследавалі. І Ян Цеханоўскі вырашыў часова выехаць у Францыю. Там беларускі педагог пражыў некалькі гадоў і ў 1927 годзе зноў вярнуўся на Наваградчыну і працягваў справы ў сферы беларускага школьніцтва.
Настаўнікі Наваградскай беларускай гімназіі. Ян Цеханоўскі сядзіць другі злева., 1923 г.
Восенню 1929 года Наваградчыну наведаў прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай Ігнацій Масціцкі. Адным з першых месцаў, куды Масціцкі адправіўся, была будаўнічая пляцоўка беларускай навучальнай установы. Вядома ж, гэтая падзея насіла найперш прапагандысцкі характар, але факт заставаўся фактам, калі прэзідэнт Масціцкі з кельмай у руках клаў цэглу на сцяну беларускай навучальнай установы, а таксама ахвяраваў на гэта 2 тысячы злотых. Дарэчы, на мерапрыемстве тады прысутнічаў і Ян Цеханоўскі, які перад прэзідэнтам і гасцямі нават выступіў з прадмовай.
Пасля 14-гадовай напружанай працы ў арганізаванай ім беларускай школе, Ян Цеханоўскі быў пераведзены польскімі ўладамі ў Ашмяны. Аднойчы група хуліганаў напала на беларускага настаўніка і моцна яго пабіла. А ў кастрычніку 1938 года Ян Цеханоўскі памёр ад інфаркту.
Яго пахавалі ў Вільні на Ліпаўскіх могілках разам з памерлай пазней жонкай — былой настаўніцай гімназіі Ксеніяй Баландовіч.
Памяць пра Яна Цеханоўскага на Наваградчыне сёння не ўшанавана, хаця ён заслугоўвае і помніка, і мемарыяльнай шыльды, і вуліцы з яго імем.
Настаўнікі і вучні Наваградскай беларускай гімназіі. У цэнтры трэці злева Ян Цеханоўскі, 1930 г.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя