Ён быў кансультантам на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай
5 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыянальнага дзеяча, паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка, фатографа і навукоўца Язэпа Фарботкі (1893-1956).
Родам Язэп Фарботка быў з вёскі Налібокі, што на Стаўбцоўшчыне. Закончыў класічную гімназію ў Менску, навучаўся на фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта.
У 1916 годзе Язэп Фарботка браў удзел у працы клубу «Беларуская хатка». Далучыўся да беларускага палітычнага і культурнага руху ва Украіне і ў Менску у перыяд з 1918 да 1920 гадоў.
У 1918 годзе Язэп Фарботка быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай. У склад дэлегацыі ўваходзілі тады Аляксандр Цвікевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і іншыя асобы. На перамовах абмяркоўваліся як вайскова-палітычныя пытанні, так і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны. У Кіеве была створана сумесная гандлёвая палата, Беларуска-ўкраінскае таварыства збліжэння. Дэлегацыя забяспечыла ўкраінскія пастаўкі харчавання ў Беларусь.
Пасля прыходу бальшавікоў, Язэп Фарботка працаваў акцёрам у «Беларускім савецкім тэатры», быў супрацоўнікам літаратурна-асветніцкага аддзела Наркампроса Літоўска-Беларускай ССР, адміністратарам Беларускага тэатра ў Менску.
У тым жа 1920 годзе ён пераехаў у Заходнюю Беларусь, дзе займаўся навукаю. З 1920 па 1924 гады студыяваў у Віленскім універсітэце, пасля працаваў там выкладчыкам заалогіі. У 1932 годзе беларус абараніў кандыдацкую дысертацыю. Займаўся мастацкай фатаграфіяй, быў сябрам Віленскага фотаклубу Яна Булгака. Працаваў таксама ў Ваяводскай управе ў Вільні ў сельскагаспадарчым аддзяленні.
Пасля вайны Язэп Фарботка быў арыштаваны і сасланы на Данбас. А ў канцы 1945 года пасяліўся ў Лодзі, дзе і памёр летам 1956 года.
Першыя вершы Язэп Фарботка апублікаваў у «Нашай ніве». Пры жыцці выдаў кнігу «Беларусь у песнях».
Беларускае Радыё Рацыя