Ён дапамагаў Янку і Ларысе Геніюшам



25-га верасня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння праваслаўнага святара, беларускага рэлігійнага і грамадскага  дзеяча на эміграцыі, магістра псіхалогіі і філалогіі, кіраўніка Саюза беларусаў у Бельгіі Яўгена Смаршчка (1914-1984).

Яўген Смаршчок нарадзіўся ў  Зэльве. Маці Алена было родам з Тукальскіх, якія мелі сваяцкія адносіны з Янкам Геніюшам. Пасля вяртання са сталінскіх лагераў Яўген Смаршчок матэрыяльна дапамагаў Геніюшам у Зэльве.

Яўген Смаршчок быў вельмі адукаваным чалавекам. Ён вучыўся і скончыў у Зэльве польскую школу, Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, потым на эміграцыі – універсітэт у Марбургу, педагагічны факультэт Лювенскага ўніверсітэта ў Бельгіі  і Інстытут філалогіі і гісторыі ўсходніх славян Брусельскага ўніверсітэта.  

 Яўген Смаршчок сядзіць справа другі. Парыж 1952 г.

У 1930-х гадах Яўген Смаршчок працаваў настаўнікам, потым служыў у польскім войску, дзе яго застала вайна. Прымаў удзел у абароне Варшавы, падчас якой трапіў у палон. Да кастрычніка 1940 года беларус знаходзіўся ў нямецкім лагеры ваеннапалонных. А калі скончылася вайна, працаваў на фабрыцы ў Берліне. Потым лёс Яўгена Смаршчка закінуў у Бельгію. Стаў святаром, быў пасвечаны ў сан святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Сур’ёзна супрацоўнічаў з Інстытутам святога Сергія ў Парыжы. Працаваў у вышэйшай фламандскай школе ў Антверпене. З’яўляецца адным з ініцыятараў і заснавальнікам БАПЦ у Бельгіі.

Яўген Смаршчок на першым плане, 1953 г.

Дарэчы, 25 верасня спаўняецца роўна 45 гадоў з дня яго смерці.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя