Ён імкнуў да бацькоўскага краю



Да 85-годдзя беларускага гісторыка, археолага, фалькларыста, літаратуразнаўца, краязнаўца Генадзя Каханоўскага (1936-1994).

Генадзь Каханоўскі ўсё сваё кароткае жыццё даследаваў Маладэчанскі край і сваіх землякоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дамашы на Маладэчаншчыне, скончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. Там пазнаёміўся з Уладзімірам Дубоўкам і Міколам Улашчыкам.

Пасля інстытута вярнуўся ў Маладэчна і пачаў працаваць у абласным краязнаўчым музеі, дзе стварыў экспазіцыю, за якую яго абвінавацілі ў нацыяналізме. А ў 1969 годзе атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка шкоднай для камуністычнага выхавання і яго звольнілі. Праўда, дзякуючы Максіму Танку і Янку Брылю, Генадзя Каханоўскага аднавілі ў працы. Ён нават стаў пазней дырэктарам Менскага абласнога краязнаўчага музею ў Маладэчне…

У 1989 годзе Генадзь Каханоўскі спрычыніўся да заснавання ў Беларусі Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынёй. Шмат пісаў, публікаваў артыкулы ў розных беларускіх выданнях. Даследаваў жыццё і творчасць Яўстаха Тышкевіча, Адама Кіркора, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Яна Баршчэўскага, Адама Гурыновіча і іншых класікаў беларускай культуры. Асобнымі кнігамі выйшлі яго даследаванні пра Вілейку і Маладэчна.

На здымку: Зоська Верас, Аляксей Пяткевіч і Генадзь Каханоўскі.

З-пад пяра гісторыка і краязнаўца свет пабачылі ўнікальныя на той час кнігі, якія застаюцца каштоўнымі для краязнаўцаў і сёння. Гэта выданні Генадзя Каханоўскага “Адчыніся, таямніца часу”, “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.”, “А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю”, “Прадвесне навукі” і іншыя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя