Ён казаў: Не бойцеся!



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла гадзіна-партрэт „Караль —  чалавек, які стаў Папам”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Папы Рымскага Яна Паўла II.

Бібліятэкар Юлія Яцкова распавяла пра жыццё і дзейнасць Караля Вайтылы, які нарадзіўся 18 траўня 1920 года ў польскім мястэчку Вадавіцах недалёка ад Кракава, і ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню царкве. Ён нёс слова Божае людзям, і лёсу было заўгодна, каб упершыню ў гісторыі каталіцкай царквы славянін стаў Папам Рымскім пад імем Яна Паўла II, а пасля быў кананізаваны і далучаны да ліку святых.

Асоба Яна Паўла ІІ вельмі ўшанаваная ў суседняй з Брылямі вёсцы Каменка Магілёўскага раёна, дзе спрадвеку жывуць католікі. І гэты юбілейны дзень з радасцю адзначаецца сярод вяскоўцаў.

Прысутныя азнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай. Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры пісьменнік Мікалай Яцкоў прачытаў свой верш „Святы Айцец сказаў: „Ня бойцеся!..”, прысвечаны Яну Паўлу II і распавёў гісторыю яго стварэння. Ала Яцкова падзялілася ўспамінамі пра паездку ў польскі Кракаў і наведванні месцаў, звязаных са знаходжаннем там арцыбіскупа кракаўскага Караля Вайтылы — будучага Папы. Вялікую цікавасць выклікаў прагляд дакументальных відэаматэрыялаў пра жыццё вялікага паляка. А ў зацікаўленай гутарцы галоўным лейтматывам гучала думка пра тое, што навакольны свет павінен будавацца на справядлівасці, дабрыні, прыгажосці і каханні. І толькі ад нас залежыць, якім будзе наша жыццё.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён

Фота Міколы Яцкова