Ён любіў тэатр і родную Зэльвеншчыну
15 траўня заслужанаму артысту Беларусі Баляславу Сяўко споўнілася б 80.
З заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Баляславам Сяўко (1940-2002) я быў добра знаёмы. Мы сябравалі, сустракаліся на Зэльвешчыне, якую ён любіў, успамінаючы сваё маленства і школьныя гады.
Нарадзіўся Баляслаў Сяўко ў 1940 годзе ў вёсцы Міжэрычы Зэльвенскага раёна. Вучыўся ў мясцовай дзесяцігодцы, а на канікулах, як і ўсе равеснікі, працаваў разам з бацькамі ў калгасе.
З усіх сваіх настаўнікаў з найбольшай удзячнасцю заўсёды ўспамінаў Іосіфа Адамавіча Жыдка — выкладчыка фізкультуры. Па характары надзвычай шчырага і зычлівага чалавека, які жыў клопатамі і інтарэсамі вучняў, усебакова дапамагаў ім загартоўваць не толькі цела, але і волю, вучыў перамагаць нават тады, калі для перамогі сіл, здавалася б, не засталося. Лыжныя кросы і маршы, шматлікія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболе і футболе, якія ён арганізоўваў, вучылі вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак змагацца і перамагаць. Калі ж і прайграваць — то годна!
Цёпла пры жыцці распавядаў Баляслаў Іванавіч і пра былую загадчыцу Міжэрыцкага сельскага клуба Сцепаніду Лук’янаўну Трафімовіч, якая вельмі многа зрабіла для развіцця ў пасляваенныя гады мастацкай самадзейнасці на вёсцы. Тады і заўважыла яна здольнасці да мастацкага чытання ў Баляслава. А неяк аднойчы прапанавала юнаку прачытаць на чарговым канцэрце, а былі яны ў клубе частымі і збіралі вялікую аўдыторыю, “Дзялідзьбу” Якуба Коласа. “Быццам прадчула, што праз некаторы час буду працаваць у тэатры, які носіць імя Якуба Коласа”, — казаў, усміхаючыся, Баляслаў Іванавіч…
У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут вясковы хлопец паступіў адразу. Скончыў вучобу ў 1965 годзе. Вучыўся ў педагога, прафесара, народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова. Пасля атрымання дыплома ён і параіў Баляславу Сяўко ехаць працаваць у Другі Беларускі тэатр у Віцебск (цяпер гэта Нацыянальны Акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску). Ён паслухаў прафесара і паехаў у Віцебск. І там артыст усё жыццё працаваў, граў разнастайныя ролі ў тэатры і кіно, куды запрашалі. Працаваў да самай сваёй нечаканай смерці.
Іван у спектаклі Іван Світаннік.
— Прафесія акцёра, — разважаў пры жыцці Баляслаў Іванавіч, — самая залежная. Залежыш ад драматурга, бо чакаеш, каб ён напісаў для цябе добрую п’есу. Чакаеш ад рэжысёра, каб ён даў магчымасць сыграць ролю, якая б табе спадабалася, убачыў цябе, і ад многіх іншых.
Працуючы ў тэатры акцёр Баляслаў Сяўко выканаў дзясяткі драматычных і характарных роляў. Вострае адчуванне жанру, выразнасць адзінай пазіцыі, драматызм, пластычнасць і экспрэсія, глыбокае пранікненне ў псіхалогію сваіх герояў вызначалі многія работы акцёра. Заслужаны поспех да Баляслава Сяўко прыйшоў пасля выканання роляў Юркі, Валодзькі і сына ў камедыях Андрэя Макаёнка “Таблетку пад язык”, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, а таксама ў п’есах “Скорыя цягнікі” А. Паповай (роля Сярожы), “Апошняя інстанцыя” М. Матукоўскага (роля Дзімкі).
Жыццёва праўдзівыя, псіхалагічна дакладныя, эмацыянальна насычаныя вобразы стварыў наш зямляк і ў класічнай, і ў сучаснай драматургіі. Гэта — Алёша (“Прыніжаныя і зняволеныя” паводле Ф. Дастаеўскага), Гатыньш (“Ветрык, вей!” Я. Райніса), Сільвія (“Слуга двух гаспадароў” К. Гальдоні), Аўгуст Фіш (“Аз” і “Ферд” П. Фёдарава), Іван Акімавіч (“Вясёлы дзянёк” В. Пакроўскага) і многія іншыя.
Сіма ў спектаклі Доктар філасофіі.
Баляслаў Сяўко быў вядомы і як кінаакцёр. Ён зняўся ў фільме “Малады дубок” паводле апавядання Якуба Коласа, дзе сыграў ролю Максіма. Гледачы добра памятаюць і шматсерыйны фільм “Дзяржаўная граніца”. У гэтым фільме акцёр сыграў ролю паляка Стапіньскага.
У вольны ад тэатра і кіно час Баляслаў Іванавіч спяшаўся ў другі тэатр — пантамімы «Мім», які ён арганізаваў сярод дзяцей у Віцебску яшчэ ў 1969 годзе. Праўда, за ўвесь час яму, як рэжысёру, так і не давялося прайсці стажыроўку, павучыцца гэтаму складанаму жанру, які ўслаўляе пластыку чалавечага цела і душы. Між тым поспехі тэатра былі відавочныя: яму ў 1982 годзе прысвоілі званне народнага. У сваім рэпертуары «Мім» налічваў больш за 50 пастановак, аўтарам якіх з’яўляецца сам кіраўнік. Сярод іх — “Мы — не рабы”, “Век жыві — век вучыся”, “Рыцар”, “На арэне цырка” і многія іншыя. На 12-м і 13-м Міжнародных фестывалях пантамімы ў горадзе Брно (Чэхія) калектыў нашага земляка займаў першыя месцы ў намінацыях сола, дуэт і трыо ў групавым выступленні з кароткай праграмай.
Дзядзька Шура ў спектаклі Дзень карабля.
Аднойчы Баляслаў Іванавіч наведаў у Маскве, на Арбаце, выстаўку народнай творчасці, на якой дэманстраваліся вырабы з дрэва, саломкі. Вялікае ўражанне зрабіла гэтая выстаўка на яго. З таго часу ён сам пачаў захапляцца падзелкамі з дрэва: у яго калекцыі сабралася шмат цікавых і арыгінальных вырабаў. У іх — часцінка мастацкага бачання свету, любоў да прыгожага на зямлі. А таксама — шчодрасць і дабрыня душы самога акцёра.
У лютым 2002 года за заслугі ў развіцці тэатральнага мастацтва і высокае выканаўчае майстэрства заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Баляслаў Сяўко быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. На вялікі жаль, лёс яму адмераў толькі 62 гады жыцця.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя