Ён моцна любіў Беларусь



15 верасня спаўняецца 10 гадоў, як не стала цудоўнага чалавека, беларускага нацыянальнага дзеяча, краязнаўца з Ліды Уладзіміра Хрышчановіча.

Уладзімір Хрышчановіч прыйшоў у беларускі нацыянальны рух на пачатку 1990-ых гадоў. У 1994 годзе быў абраны намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі БНФ „Адраджэньне”, а пасля заснавання Партыі БНФ – намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. Адначасова быў кіраўніком Лідскай Слабадской суполкі ТБМ. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Лідскага гарсавету ад БНФ „Адраджэньне”.

У 1999 годзе, падчас сумнавядомага расколу БНФ, Уладзімір Хрышчановіч застаўся на пазіцыях Зянона Пазняка, і быў абраны старшынём Лідскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ (з 2004 года Лідскай раённай арганізацыі), а таксама сябрам Сойму КХП БНФ.

Ён з’яўляўся ініцыятарам і рухальнай сілай многіх адраджэнцкіх праектаў на тэрыторыі Ліды і Лідскага раёна. Беларус прымаў непасрэдны ўдзел ва ўстаноўцы крыжоў на магілах паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы, крыжоў на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідзе, і на месцы бітвы лідскай шляхты з войскамі ваяводы Хаванскага ў Беліцы.

За адраджэнцкую дзейнасць Уладзімір Хрышчановіч неаднаразова прыцягваўся да адказнасці. За ўдзел ва ўстаноўцы крыжа на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага ў 1997 годзе ён быў прысуджаны да штрафу.

Уладзімір Хрышчановіч займаўся і краязнаўствам, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, удзельнічаў у краязнаўчых мерапрыемствах, выступаў з артыкуламі ў друку. Пасля смерці ў „Лідскім летапісцы” быў надрукаваны яго матэрыял пра дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Саковіча, Маракова, Ваўчка. Апекаваўся лідчанін і магіламі беларускіх патрыётаў.

Працуючы на Лідскай дыстанцыі шляхоў зносін, ён вёў пастаянную асветніцкую і прапагандысцкую дзейнасць сярод лідскіх чыгуначнікаў, распаўсюджваючы вялікі аб’ём адраджэнцкай літаратуры. Апошнія шэсць гадоў, пасля выхаду на пенсію, штотыднёва распаўсюджваў 35 нумароў газеты „Наша слова” і некалькі нумароў „Лідскага летапісца” (часопіс купляў за свой кошт) на Лідчыне і ў іншых рэгіёнах.

Рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік пра Уладзіміра Хрышчановіча прыгадаў так: “ У яго была анкалогія. Але Уладзімір трымаўся на нагах да апошняга. Памёр, але з нашага шыхту не выйшаў. Памёр у незалежнай Беларусі, якую так моцна любіў, любіў да “мозгу касцей”. Вельмі шкада Уладзіміра. Вельмі часта яго прыгадваю”.

Беларускае Радыё Рацыя