“Ён нарадзіўся гісторыкам”: У Гародні ўзгадалі Віктара Каліноўскага



У гарадзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя Макаёнка адбылася вечарына памяці старэйшага брата Кастуся Каліноўскага – Віктара Каліноўскага.

Па словах даследчыка творчасці Кастуся Каліноўскага гісторыка Васіля Герасімчыка, вывучэнне творчасці Кастуся Каліноўскага немагчыма без вывучэння творчасці яго брата:

– Даследаваць жыццё Кастуся Каліноўскага без вывучэння постаці Віктара немагчыма. Без разумення таго, як жыў Віктар, нельга зразумець, хто ж такі Кастусь Каліноўскі. Дакументаў хапае. Яны захоўваюцца і ў Пецярбургу, і ў Вільні. Маюцца таксама і ў Нацыянальным архіве ў Гародні. Іх варта апрацоўваць, выкарыстоўваць. І гэта рабіў не толькі я, а і мае папярэднікі.

Па словах магістра гісторыі Аляксея Кайрыса, постаць Віктара Каліноўскага цікавіла царскую ўладу нават і пасля смерці:

– На пачатку  1865 года была сфармавана асаблівая камісія, якая павінна была ўдакладніць месца пахавання Віктара Каліноўскага, то бок, запэўніць прадстаўнікоў расейскага ўраду, што ні Канстанціна, ні Віктара ў жывых няма. Спачатку прадстаўнікі камісіі прыязджалі ў Гародню, дзе займаліся пошукам па метрычных кнігах звестак аб смерці Віктара Каліноўскага. Але нічога не знайшлі. Затым яны паехалі на радзіму Віктара Каліноўскага – на Свіслаччыну.

Падчас сустрэчы, якая адбылася ў межах клубу “Паходня ісціны”, гісторыкі запэўнілі, што дзякуючы даследаванням жыцця і творчасці Віктара Каліноўскага можа з’явіцца некалькі навуковых даследаванняў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня