Ён ніколі не старэў душой



Да 85-годдзя беларускага настаўніка, публіцыста, кіраўніка Зэльвенскага раённага літаб’яднання Пятра Марціноўскага (1932-2006).

Пятра Марціноўскага не стала 1 лютага 2006 года. Але здаецца, што ён жыве і сёння, зараз выйдзе на панадворак, сустрэне, абдыме, мы сядзем у яго «Жыгулі» і паедзем у вандроўку па роднай Гарадзеншчыне. Ён нас, маладых, любіў як родных дзяцей, пра нас пісаў, друкаваў нашы творы на старонках Зэльвенскай раёнкі, прапагандаваў нашу творчасць, арганізоўваў вечары і сустрэчы. Гэта быў чалавек апантаны і ўлюбёны ў жыццё, у літаратуру і ў родную Бацькаўшчыну.

Дом Пятра Мікалаевіча Марціноўскага ў Дзярэчыне Зэльвенскага раёна сябры беларускай творчай інтэлігенцыі жартоўна называлі домам літаратараў. Калі б ні прыехаў у старажытны Дзярэчын — ноччу ці днём, у святы ці ў гарачы будзень — з усмешкай і з бацькоўскай цеплынёй Пятро Мікалаевіч заўсёды запрашаў у сваю светлую і прасторную хату. І не проста запрашаў, а смачна частаваў кумпячком ці вэнджанай кілбаскай і абавязкова наліваў самаробнага вінаграднага віна, якому мы далі назву «Marcini» (ад прозвішча Марціноўскага). І за гэтым частаваннем гадзінамі, а то і суткамі, лілася гутарка пра лёс роднай мовы, пра літаратуру, гісторыю і пра Беларусь наогул.

У доме Пятра Марціноўскага пабывала шмат вядомых пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў, музыкантаў. Але часцей за ўсё ў Дзярэчын прыязджалі землякі — Павел Сцяцко, Міхась Скобла, Юрка Голуб, Уладзімір Ягоўдзік, Валянцін Дубатоўка. А ў прыватнай бібліятэцы гаспадара захоўваліся кнігі з аўтографамі Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Дануты Бічэль, Сяргея Законнікава — ці не паловы сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пра свае сустрэчы, знаёмствы і гутаркі Пётр Мікалаевіч планаваў напісаць і выдаць кнігу. І верылася, што яму гэта ўдасца… Не ўдалося, не паспеў. Бог яму адмераў 74 гады.

Сам Пятро Марціноўскі быў родам з вёскі Катчыно Мастоўскага раёна, хаця амаль усё жыццё ён пражыў у Дзярэчыне — у малым Версалі, як назваў гэту вёску некалі беларускі эмігрант з ЗША Ян Пятроўскі.

У 1944 годзе Пётр Марціноўскі паступіў у пяты клас Дзярэчынскай сярэдняй школы. Пачаў пісаць замалёўкі, вершы, інфармацыйныя паведамленні ў Зэльвенскую раённую газету. У школьныя гады захапляўся яшчэ музыкай. Нядрэнна іграў на мандаліне. Нават марыў з адной дзяўчынай паступаць у кансерваторыю.

Пасля службы ў войску Марціноўскі вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць настаўнікам у Дзярэчынскай сярэдняй школе. Работу ў школе сумяшчаў з завочнай вучобай у Гарадзенскім педінстытуце. А з 1969 года і да пенсіі працаваў у гэтай школе намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце. Пра стыль работы і пра метады навучання ў Дзярэчынскай СШ напісаў і выдаў брашуру «У нагу з часам» (1986).

Першыя селькораўскія карэспандэнцыі Пятра Марціноўскага былі надрукаваны напачатку 1950-х гадоў у Зэльвенскай раённай газеце. Пасля матэрыялы на самыя розныя тэмы з’яўляліся на старонках газет «Звязда», «Гродзенская праўда», «Літаратура і мастацтва», «Наша слова» і ў многіх іншых рэспубліканскіх выданнях. Усё свядомае жыццё дзярэчынскага настаўніка хвалявалі пытанні адраджэння беларускай мовы, літаратуры і культуры. Адсюль вынікала і тэматыка ягоных публікацый. Самымі светлымі старонкамі ў жыцці Пятра Марціноўскага былі сустрэчы і шчырае сяброўства з беларускай паэткай Ларысай Геніюш. З ёй ён пазнаёміўся ў канцы 1950-х гадоў, пасля таго, як паэтка была рэабілітавана і вярнулася ў 1956 годзе ў Зэльву. У 2002 годзе ў Слоніме выйшла з друку кніга ўспамінаў пра Ларысу Геніюш Пятра Марціноўскага «Наша Лорка». Справа ў тым, што Ларыса Геніюш часта гасціла ў Марціноўскіх у Дзярэчыне, дый яны неаднаразова наведвалі хату Геніюшаў у Зэльве…

Гэты цудоўны чалавек усё жыццё пражыў у глыбінцы, але ніколі не старэў душой, не заставаўся ўбаку ад тых падзей, якія адбываліся ў нашым паўсядзённым жыцці. Калі выдаваўся вольны час, настаўнік ехаў у Менск, Гародню, прымаў удзел у рэспубліканскіх і абласных літаратурна-мастацкіх мерапрыемствах. Ён быў дэлегатам I, II, III і IV з’ездаў Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, выбіраўся сябрам Рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы. За сумленную працу Пятро Марціноўскі ўзнагароджаны юбілейным медалём “За доблесную працу”, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровымі граматамі абласнога і раённага ўзроўняў. 28 чэрвеня Пятру Марціноўскаму споўнілася б 85 гадоў.

Землякі Уладзімір Плюта, Пятро Марціноўскі, Уладзімір Захарка 

Землякі Юрка Голуб, Пётр Марціноўскі і Павел Сцяцко на Зэльвеншчыне, чэрвень, 1986 г.

Злева направа Сяргей Чыгрын, Юрка Голуб, журналістка Ірына Васілеўка, Уладзімір Мазго і Пятро Марціноўскі ў Зэльве. Пачатак 2000-х гадоў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара