Ён патрабаваў беларускія школы
Да 110-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Бялько.
Уладзімір Бялько пражыў толькі 22 гады. Нарадзіўся ён у 1911 годзе на Слонімшчыне. Калі Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай, юнак скончыў у сваёй вёсцы польскую школу, потым вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але нядоўга. Вярнуўся ў родную вёску. Днём Валодзя з братамі займаўся сельскай гаспадаркай, а вечарамі праводзіў камсамольскую дзейнасць. Разам са сваімі равеснікамі з роднай і суседніх вёсак, Валодзя Бялько развешваў лістоўкі, патрабуючы адкрыцця школ на беларускай мове, арганізоўваў розныя культмасавыя мерапрыемствы. З сябрамі Піліпам Маркевічам і Антонам Бішкурэвічам выдаваў на беларускай мове газету “Піянер”. Адбітую на шапірографе колькасцю каля 100 асобнікаў, хлопцы перадавалі газету з рук у рукі. Трапляў “Піянер” і да паліцыі. Паліцэйскія шалелі ад злосці, днём і ноччу рыскалі па беларускіх вёсках, шукаючы рэдакцыю газеты. А яшчэ Валодзя Бялько пісаў вершы.
Хлопца з Мяльканавіч двойчы арыштоўвалі і жудасна білі паліцыянты. Вясною 1933 года ў хату ўсунуліся паліцыянты з касцянёўскага пастарунка Бяжынскі і Сініцкі. Скінулі хворага хлопца з ложка і доўга білі нагамі. Гэты зверскі ўчынак быў апошнім звяном жудасці. Першага траўня смерць перамагла надломленае здароўе. Праз два дні Валодзю Бялько пахавалі на могілках у вёсцы Мяльканавічы.
Калі ў вёсцы існавала школа, то школьнікі захоўвалі памяць пра Валодзю Бялько. Яны разам з настаўнікамі даглядалі яго магілу, ускладвалі кветкі. У 1990-х гадах па рашэнню Слонімскага гарсавета вуліца Жданава ў Слоніме была перайменавана ў вуліцу Уладзіміра Бялько.
Сёння памяць пра мяльканавіцкага юнака, які разам са сваімі равеснікамі змагаўся за родную мову, за адкрыццё беларускіх школ у тыя 1930-я гады, амаль знікла. Хаця Уладзімір Бялько заслугоўвае самай найвялікшай памяці не толькі ад сваіх вяскоўцаў, але і ад ўсіх слонімцаў. 31 жніўня яму спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара