Ён пісаў кнігі і лячыў людзей



Беларускаму грамадскаму, рэлігійнаму і культурнаму дзеячу, публіцысту, перакладчыку і папулярызатару навукі, аднаму з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Станіславу Грынкевічу (1902-1945) 2 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч у мястэчку Новы Двор былога Сакольскага павета Гарадзенскай губерні. Спачатку вучыўся ў Гарадзенскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіі, а потым паступіў у Віленскі медыцынскі ўніверсітэт. Але па сямейных абставінах закончыў яго ў Познані. Да 1935 года працаваў у медыцынскай клініцы, пасля — у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы. Працаваў таксама ардынатарам аддзела нервовых хвароб, адначасова вёў лабараторныя доследы і пісаў пра іх працы. Займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю: перакладаў на беларускую мову медыцынскія працы з іншых моў, а таксама рэлігійныя творы. Жонка Ядвіга Грынкевіч, як і яе муж Станіслаў, апрацоўвала лекарскія парады па-беларуску і нават сама пісала артыкулы на медыцынскія тэмы. У  Вільні выходзяць іх сумесныя кнігі  “Рады хворым і здаровым” (1935 г.), “Алкагалізм” (1938 г.), “Умовы і загады, неабходныя для здароўя” (1939 г.) і іншыя.

У пачатку 1927 года Станіслаў Грынкевіч з сям’ёй пераехаў у Вільню. Тут уладкаваўся на працу ў першую Віленскую паліклініку. Меў свой дом, агарод, сад. Адсюль пісаў артыкулы ў розныя беларускія часопісы. Яны з’яўляліся ў “Студэнцкай думцы”, “Крыніцы”,  “Заранцы”, “Калосьсях”. Ён любіў ездзіць па беларускіх вёсках, сустракацца з людзьмі, якім чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне і гісторыі. У 1936 годзе Станіслаў Грынкевіч выдаў брашуру “Асьвета”.

У 1937 годзе, пасля падарожжа на Украіну, ён напісаў і выдаў новую брашуру “У братоў украінцаў”. Наогул, доктар медыцыны Станіслаў Грынкевіч пісаў шмат. Адны назвы ягоных артыкулаў гавораць самі за сябе, гавораць аб тым, які гэта быў адукаваны і разумны чалавек. Вось, напрыклад, некалькі назваў ягоных прац: “Аб тэатры” (1927 г.), “Царква. Помста. Вязьніца” (1928 г.), “Капля вады” (1927 г.), “Народ” (1927 г.), “Як лячыць хваробы хатнім спосабам” (1927 г.), “З зацемак аб характары беларусаў” (1935 г.), “Аб праве да бацькаўшчыны” (1936 г.), “Гігіена псіхічная, як праблема асноўных адносінаў да жыцьця” (1937 г.) і іншыя.

Пісаў Станіслаў Грынкевіч і драматычныя творы. У 1927 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла з друку яго п’еса ў трох абразах “Жанімства па радыё”. Гэты бытавы драматычны твор расказвае пра жыццё і справы беларускіх вяскоўцаў…

На трэці дзень пасля заняцця Вільні і ваколіц савецкімі збройнымі сіламі, да Грынкевічаў з’яўляецца ўзброеная контразведка і арыштоўвае доктара Станіслава Грынкевіча. Пасля яго арышту былі канфіскаваны дом і ўся маёмасць. А самога спадара Грынкевіча адправілі на допыты ў Менск. А 25 ліпепя 1945 года пад Магілёвам расстралялі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя