Ён усё прадбачыў наперад…



1 траўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алега Лойкі (1931-2008).

Пры жыцці Алег Лойка напісаў і выдаў 101 кнігу. Гэта зборнікі паэзіі, крытыкі, літаратуразнаўчых артыкулаў, перакладаў, падручнікі для студэнтаў-філолагаў і г.д. Сярод выданняў свет пабачылі яго кнігі пра Янку Купалу і Францыска Скарыну, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа…

Апошнія гады жыцця мой зямляк правёў у родным Слоніме. Гэты горад ён называў сваім першым святлом, прасторам і любоўю. Ён так і пісаў: “Ды я не ведаю. Рос я ў горадзе ці ў вёсцы, бо з кожнай вуліцы і вулічкі гэтага лёгшага абапал Шчары гарадка відаць на ўзгоркавым небасхіле сінія лясы, відаць разлогія палі: вясною — у руні, летам — у спелых нівах, восенню — у срабрыстым павуцінні…”.

Алег Лойка любіў родны Слонім, любіў людзей, якія жывуць і жылі ў ім, ці, як ён называў у “гэтай Шчаравай даліне”. Ён заўсёды ўсёй душой быў з родным горадам. Любы Слонім — ён шчыра насіў у сэрцы. А Першамай (нарадзіўся 1 траўня) у Слоніме для Алега Антонавіча быў найвялікшым днём, які збіраў усіх яго сяброў і сваякоў за адным сталом. Збіраў у бацькоўскай хаце на Зялёнай вуліцы, ці ў цешчынай хаце на Віленскай вуліцы.

Пасля Менска ён вярнуўся ў Слонім назаўсёды. Жыў у цешчынай хаце, спачатку з жонкай Ліліяй, а потым, калі яе не стала, жыў адзін.

У апошнія гады жыцця знакамітага слонімца, мне некалькі разоў прыйшлося з ім разам сустракаць Першамай — гэта значыць святкаваць дзень яго нараджэння. Сябра-зямляк Алега Антонавіча — энцыклапедыст і літаратуразнавец са слонімскай вёскі Вялікая Кракотка Янка Саламевіч (1938-2012), таксама часта гасціў у яго слонімскай хаце на Віленскай вуліцы. А на дзень нараджэння свайго сябра, спадар Янка спяваў народныя песні. А яму дапамагаў Алег Антонавіч. Як яны разам землякі-слонімцы спявалі народныя песні!.. О, гэта трэба было бачыць і чуць! А колькі яны іх ведалі — дзясяткі, сотні… А ці мы сёння зможам за сталом праспяваць хоць адну беларускую народную песню?.. А?.. Праспяваць ад пачатку да канца… А яны спявалі бясконца — адна за адной, якія толькі прыходзілі на памяць. Я і сёння іх бачу разам, чую іх, слухаю іх, яны — перада мной, як жывыя, мае славутыя землякі…

Прайшло трынаццаць Першамаеў без Алега Лойкі. Цяпер я разумею, чаму ён свае апошнія кнігі так і назваў: “Плач зямлі”, “Дрэва жыцця”, “Галгофа”, “Неўміручасць”, “Ушанаванне”. Алег Антонавіч быў не толькі таленавітым, але і мудрым, мужным чалавекам. Ён усё прадбачыў наперад, адчуваў час, і са шчырым спачуваннем хацеў нам пры жыцці дапамагчы:

Не дабягу, — дайду, Не дайду, — дапаўзу У кожную бяду, У кожную слязу…  

Алег Лойка з бацькам.

Алег Лойка з сястрой Людмілай, Слонім, 1951 год.

Алег Лойка, Мікола Аўрамчык і скульптар Іван Міско.

Алесь Барскі, Алег Лойка і Міхась Шаховіч, Беласток, 1977 г.

Анатоль Кулагін, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка ў Слоніме, 1980-я гады.

Пісьменнікі Гродзеншчыны (злева направа) Алена Руцкая, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Сяргей Чыгрын, Мікола Арочка, Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, Алесь Сучок, Слонім, 1987 год.

Магіла Алега Лойкі на гарадскіх могілках у Слоніме.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя Фота з архіва аўтара