Юбілей беларускага генетыка



27 снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускаму генетыку і селекцыянеру, доктару біялагічных навук, прафесару, акадэміку Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Антону Жэбраку (1901-1965).

Антон Раманавіч Жэбрак

Бацькі Антона Жэбрака працавалі на зямлі ў вёсцы Збляны на Зэльвеншчыне. Зямлі небагатай, пясчанай, але сваёй, таму і вельмі дарагой. На вялікую сям’ю з васьмі чалавек даходу ад зямлі не хапала, таму бацька працаваў яшчэ і стрэлачнікам на чыгунцы Ваўкавыск-Баранавічы, тым больш што была яна недалёка ад вёскі.

У меру сваіх сіл, дзеці дапамагалі бацькам. Але здольных да навукі бацька заахвочваў працягваць вучобу ў Слоніме. Антон вельмі добра вучыўся, таму пасля атрымання пачатковай адукацыі паступіў у Слонімскае рэальнае вучылішча. Калі б не Першая сусветная вайна, быць хлопцу настаўнікам. Але Жэбракі разам з іншымі вяскоўцамі вымушаны былі эвакуіравацца ў Расею. Там паміраюць бацькі і Антон стаў дабраахвотнікам-чырвонаармейцам. Служыў добрасумленна, але ваенным усё жыццё быць не марыў. Таму, як толькі вайна стала заціхаць, Антон дэмабілізаваўся.

Антон Жэбрак (у цэнтры) падчас вучобы ў Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, 1922 год

У 1921 годзе Антон Жэбрак становіцца студэнтам Пятроўскай земляробчай акадэміі, якая праз два гады стала насіць імя выдатнага вучонага Клімента Ціміразева. З генетыкай Антон сутыкнуўся ужо на трэцім курсе акадэміі, а потым вучыцца ў аспірантуры пры кафедры генетыкі. Адначасова вывучае філасофію ў Інстытуце чырвонай прафесуры. Пасля аспірантуры пачынае працаваць дацэнтам на кафедры генетыкі і селекцыі. Як здольнага і перспектыўнага вучонага, яго ў 1930 годзе накіроўваюць на стажыроўку ў ЗША. Ён стажыруецца ў лабараторыі Калумбійскага ўніверсітэта і ў Каліфарнійскім тэхналагічным інстытуце. Менавіта ў Каліфорніі ён працуе разам з Томасам Морганам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі “За адкрыцці, звязаныя з роляй храмасом у спадчыннасці”. І там беларус знаёміцца з самымі навейшымі дасягненнямі маладой навукі генетыкі і становіцца яе прапагандыстам і заступнікам да канца свайго жыцця.

Антон Жэбрак з сынамі, 1934 год

Пасля вяртання з замежнай камандзіроўкі, Антон Раманавіч неўзабаве ўзначальвае, ужо як прафесар, кафедру генетыкі Ціміразеўкі ў Маскве. Малады вучоны ўпэўнена працуе ў выбраным накірунку і ў 1936 годзе абараняе доктарскую дысертацыю на тэму “Стан генетыпу пры ўзроставай мадыфікацыі арганізма”.

Пад кіраўніцтвам Антона Жэбрака на кафедры генетыкі і цыталогіі паспяхова ішлі даследаванні па пшаніцы і эксперыментальнай паліплаідыі. Упершыню перад Другой сусветнай вайной АН СССР давала справаздачу аб поспехах савецкай біялогіі ў гэтай праблеме. А поспехі былі немалымі. Вучоны Антон Жэбрак разумеў, што вывесці гатунак пшаніцы, аднолькава ўстойлівай да шматлікіх захворванняў, не карыстаючыся міжвідавой гібрыдызацыяй, немагчыма. Таму ён настойліва расшыраў кола даследуемых відаў, скрыжоўваў іх, і атрымліваў усё лепшыя і лепшыя вынікі. Дастаткова сказаць, што вучонаму ўдалося атрымаць не існуючыя ў прыродзе формы пшаніцы, абагнаўшы ранейшыя дасягненні вучоных ажно на два звяны паліплоіднага раду. Сёння генетыкі адзначаюць, што падыходы Антона Жэбрака да даследаванняў былі правобразам сучасных генна-інжынерных метадаў канструявання новых гатункаў раслін, пра якія ў часы вучонага яшчэ ніхто і не марыў.

Антон Жэбрак у Лабараторыі, 1942 год

Менавіта Антон Жэбрак паклаў пачатак сур’ёзным генетычным даследаванням у беларускай навуцы. У красавіку 1940 года ён быў абраны сапраўдным членам Акадэміі Навук БССР. На беларускім матэрыяле, які ён сабраў падчас экспедыцый па Заходняй Беларусі ў 1940 годзе, у 1942–1943 гадах у складзе сельскагаспадарчай групы АН БССР займаўся вывядзеннем азімых і яравых гатункаў пшаніцы для рэспублікі. Вылучыў некалькі перспектыўных сартоў. Пасля вызвалення Беларусі ён перадаў наркамзему каля трох тон выведзенага ім элітнага насення азімай пшаніцы. Зробленае для землякоў прааналізаваў у кнізе “Сінтэз новых відаў пшаніцы”. 

Антон Жэбрак апублікаваў звыш 70 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.

Мемарыяльны камень у вёсцы Збляны на Зэльвеншчыне

У вёсцы Збляны Зэльвенскага раёна ўстаноўлены камень і мемарыяльная шыльда. Ёсць помнік яму ў Менску. Яго імем названы вуліцы ў Зэльве і ў Менску.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара