Юбілей фольк-гурту “Яваровы людзі”



28 траўня адбыўся заключны ў гэтам сезоне выпуск „Мова Нанова” ў Таронта, прысвечаны юбілею фольк-гурту „Яваровы людзі”. Гурт адсвяткуе сваё 15-годдзе ў чэрвені.

IMG_2443

IMG_2415

IMG_2304

Упершыню выступ будучага гурту „Яваровы людзі” адбыўся 24 чэрвеня 2001 года ў Кітчэнэры на мультыкультурным фестывалі. Там выступалі сябры Згуртавання Беларусаў Канады, якія пасля арганізаваліся ў гурт пад назвай „Яваровы людзі”.  Ад пачатку і да сённяшняга дня калектывам кіруе Віялета Кавалёва.

«Яваровы людзі» атрымалі шмат віншаванняў з розных куткоў Канады і Беларусі, у тым ліку ад старшыні БНР Івонкі Сурвілы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў гурту, Івонка Сурвіла, у прыватнасці, напісала: „Вы сталіся найлепшымі амбасадарамі нашага народу ў Канадзе. Так, як старэйшая эміграцыя захоўвала сваю мову і свае традыцыі, тады калі яны нішчыліся на Бацькаўшчыне, так вы цяпер захоўваеце нашыя каштоўнасці для будучай вольнай Беларусі”.

Сябры з баўгарскага калектыву “Igranka” падрыхтавалі танцавальнае віншаванне для юбіляраў і развучылі з гледачамі балгарскія танцы.

IMG_2459

IMG_2246

Наведнікі „Мова Нанова” ў Таронта пачулі пра асноўныя вехі гурту «Яваровы людзі», асабістыя гісторыі ўдзельнікаў, паглядзелі відэавыступы калектыву з розных гадоў і, вядома, пачулі ўжывую песні розных часоў.

З нагоды юбілею фольк-гурт „Яваровы людзі” адзначаны Згуртаваннем беларусаў Канады (ЗБК) ганаровай граматай «за важкі ўнёсак у захаванне і развіццё Беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтра ў Таронта і беларускага арганізацыйнага і культурнага жыцця ў Канадзе». Узнагароды атрымалі і тыя ўдзельнікі гурту, якія да гэтага часу нястомна і аддана ўкладаюць свой час, энэргію і матэрыяльную дапамогу на захаванне і развіццё Беларускага цэнтра ў Таронта. Старшыня ЗБК уручыў асабістыя ганаровыя граматы  Віялеце Кавалёвай, Вячаславу Кавалёву, Валянціне Шаўчэнка, Юрыю Шаўчэнка, Надзеі Дробінай, Вользе Манькоўскай і Філіпу Тананка.

Цікавінкі з гісторыі гурту:

– Выдадзена 2 альбомы: «Іскарка-прыгаўка» і «Вырай». Рыхтуюцца да выхаду альбомы з радзіннымі і застольнымі песнямі.

– За 15 гадоў у гурце бралі ўдзел больш за 100 чалавек.

– Спеўны залаты фонд „Яваровых людзей” налічвае каля 200 песень. Многія песні выкарыстаны ў фольк-мюзікле «То-то-то» , паказаным падчас ХХХ Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая праходзіла ў Таронта ў 2012 годзе. Цяпер удзельнікі гурту працуюць над музычным фільмам, знятым па гэтым мюзікле.

– Амаль 30 чалавек бралі ўдзел у самым першым канцэрце «Яваровых людзей» у Кітчынеры ў 2001 годзе.

– У калектыве па сённяшні дзень засталіся нязменнымі ўсяго тры ўдзельнікі гурту, якія спяваюць у гурце ад самага пачатку: Віялета  Кавалёва, Валянціна Шаўчэнка і Надзея Дробіна. За 15 гадоў склад гурту ўвесь час змяняўся.

– «Яваровы людзі» запісалі 5 навагодніх відэапаштовак, якія кожны год імкліва разлятаюцца па ўсім свеце. За мінулы год відэавіншаванка набрала амаль 5 тысяч праглядаў за 2 дні.

– Гурт выступіў у 12 гарадах Канады і ЗША. Салістка гурту Аляксандра Саленік брала ўдзел у фолк-фэсце „Камяніца” пад Менскам.

– Рэпетыцыі гурту праводзяцца кожную сераду ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры ў Таронтa. Пачатак а 6-ай вечара. У гурт прымаюцца ўсе, незалежна ад музычных і вакальных здольнасцяў.

Ірына Тоўсцік, для Беларускае Радыё Рацыя