Юбілей музея, дзе ўшаноўваюць Дамейку, Дварчаніна, Дмахоўскага…
Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначыў свой 50-гадовы юбілей.
На мерапрыемстве, якое адбылося ў музеі, прысутнічалі прадстаўнікі раённай адміністрацыі, кіраўнікі мясцовых арганізацый, настаўнікі і шматлікія госці музея. Супрацоўнікі гэтай арганізацыі падрыхтавалі яркую і змястоўную забаўляльную праграму, падвялі вынікі сваёй шматгадовай дзейнасці. За 50 гадоў працы музей наведалі больш за 300 тысяч чалавек, было праведзена каля 6 тысяч экскурсій. Гучала шмат удзячных словаў ад сяброў музея.
Дзятлаўскі музей быў створаны рашэннем Гарадзенскага аблвыканкама ад 29 жніўня 1966 года. Непасрэдным стваральнікам і першым дырэктарам яго быў Міхась Петрыкевіч (1913-1999). Гэта ён гадамі збіраў матэрыялы для музея, вёў вялікую перапіску з вядомымі людзьмі Беларусі, шчыра сябруючы ўсё жыццё з Янкам Брылём, Уладзімірам Калеснікам, Фёдарам Янкоўскім, Янам Скрыганам, якія яму дапамагалі ў гэтай справе.
У адной з васьмі залаў музея наведвальнікі сёння могуць убачыць унікальныя экспанаты, прысвечаныя былой Заходняй Беларусі. Падобным залам і экспанатамі не зможа пахваліцца ніводзін музей Беларусі. Тут прадстаўлены транспаранты, падпольныя выданні: газеты, лістоўкі, брашуры, якія выдаваліся КПЗБ, фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і КСМЗБ. Шырока раскрыта дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай Грамады, беларускага пасольскага клуба «Змаганне», у арганізацыі і рабоце якога прымаў удзел ураджэнец Дзятлаўскага раёна Ігнат Дварчанін.
Багаты матэрыял раскрывае дзейнасць легальнай арганізацыі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Асобны стэнд прысвечаны пісьменнікам Заходняй Беларусі, цікавы куток школьных прыналежнасцяў таго часу і г.д. Шмат унікальных звестак і дакументаў захоўвае музей, прысвечаных Ігнату Дамейку, Генрыху Дмахоўскаму…
Ва ўрачыстасці з нагоды юбілею музея прыняў удзел сын Міхася Петрыкевіча – Валерый Петрыкевіч, які прапанаваў ушанаваць імя заснавальніка Дзятлава вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Астрожскага. А былы дырэктар музея Фёдар Красюк марыць, калі будзе адрэстаўраваны палац Радзівілаў у Дзятлаве і туды пераедзе музей.
Сяргей Чыгрын са Слоніма падараваў музею “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры” Ігната Дварчаніна, выдадзеную ў Вільні ў 1927 годзе. А скульптар і кераміст з Менска Мікалай Несцярэўскі, які шмат гадоў жыў і працаваў у Дзятлаве, і які падараваў музею больш за 200 сваіх прац, пажадаў супрацоўнікам музея надалей прапагандаваць гісторыю роднага краю і папаўняць музейныя фонды.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара