Юбілей музея, які адкрываў прэзідэнт Польшчы



Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага 20 верасня адзначыў 90-годдзе. Менавіта 20 верасня 1929 года слонімскі калекцыянер, гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі ўсю сваю калекцыю падараваў роднаму Слоніму, якая і лягла ў аснову будучага музея. На адкрыцці музея прысутнічаў і былы прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі, які ў той час наведваў Слонімшчыну.

Юбілей музея ў Слоніме пачалі з “круглага” стала з удзелам мясцовых краязнаўцаў. Ён быў прысвечаны гісторыі Слонімшчыны.”Круглы” стол вітала дырэктар музея Алена Сухарукава. Пра сваю шматгадовую працу ў музеі распавядала былы дырэктар Ірына Шпыркова. Пра жыццёвы лёс заснавальніка музея Язэпа Стаброўскага цікава распавёў Васіль Герасімчык, пра лёс знакамітых жыхароў вёскі Чамяры расказаў Сяргей Чыгрын, пра гісторыю вёскі Новадзявяткавічы і багаты род Слізеняў – настаўніца школы Таццяна Ракуць, а педагог Вера Фядута пазнаёміла ўсіх з працай школьнага музея.

Працяг юбілейнай урачыстасці музея адбыўся на сцэне мясцовага тэатра. Былі там розныя віншаванні, узнагароджванні і падарункі. Мастак Уладзімір Сайко, напрыклад, падараваў сваю вялікую працу – партрэт заснавальніка музея Язэпа Стаброўскага.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара