Юбілей пісьменніка, кнігі якога не выдаваліся ўжо 52 гады



16 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых таленавітых беларускіх празаікаў Рыгора Мурашкі (1902-1944).

Ён пражыў толькі 42 гады і загінуў у партызанскім атрадзе на Лагойшчыне. Дзіўна сёння тое, што з 1970 года Рыгора Мурашкі не выйшла з друку ніводная кніга. Апошнім быў раман “Салаўі святога Палікара” (Мн, 1967) і гэты ж самы раман з’явіўся на расейскай мове ў 1970 годзе. Вось і ўсё. А Рыгор Мурашка быў вельмі таленавітым літаратарам і творчасць яго варта перавыданняў. Ён апісваў выспяванне свядомасці рабочых напачатку ХХ стагоддзя, жыццё беларускай вёскі 1930-х гадоў і г.д.

Нарадзіўся Рыгор Мурашка ў вёсцы Бязверхавічы Слуцкага раёна. Пасля заканчэння валасной двухкласнай школы ў 1917 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Аднак, праз год, вучоба перапынілася, бо край акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі.

У 1919 – 1920 гадах пісьменнік удзельнічаў у барацьбе з польскімі войскамі на Случчыне. Працаваў інструктарам Слуцкага павятовага ваеннага рэвалюцыйнага камітэта. Быў адказным сакратаром  часопіса “Бальшавік Беларусі”, уваходзіў у рэдакцыю часопіса “Маладняк” і кіруючыя органы гэтага аб’яднання. У 1930-1933 гадах Рыгор Мурашка загадваў аддзелам мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У гады Другой сусветнай вайны ён з’яўляўся ўдзельнікам Менскага падполля, а з восені 1943 года – партызанам.

У 1924 годзе газета “Савецкая Беларусь” надрукавала першы празаічны твор Рыгора Мурашкі “Папоўскі шлюб”. А з 1926 года пачынаюць выходзіць з друку яго зборнікі апавяданняў “Стрэл начны ў лесе”(1926) , “У іхнім доме”(1929), “Прыгранічны манастыр”(1930), “Званкі”(1931), “Рузікі”(1932), “Мюдаўская ноч”(1934). Празаік напісаў цудоўныя раманы “Сын”, “Таварышы”, “Насуперак лёсу”. Творы Рыгора Мурашкі ўваходзяць у лік бясспрэчных здабыткаў нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя