Выстава Мікалая Кузьміча „Кропка”
Адчуць узаемасувязь з продкамі прапануе берасцейскі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч. У абласным грамадска-культурным цэнтры адкрылася выстава да яго юбілею пад назваю ’’Кропка’’.
Мікалай Кузьміч распавёў пра тое, які сэнс ён закладаў у свае працы:
– Гэта маё адчуванне жыцця і пэўнае падсумаванне творчасці. Трэба паглядзець выставу, каб сказаць пра што ці пра каго яна. Я ж хацеў паказаць сувязь з продкамі. Калі ў мяне атрымалася ў гледача выклікаць такія асацыяцыі, то, мяркую, што нядрэнна атрымалася. Калі – не, то – не. Тэма выставы – сувязь з вечнасцю, з нашымі продкамі, з бацькамі, якія жылі на гэтай зямлі. Без продкаў, без нашай гісторыі няма і нашай будучыні. Гэта абавязкова трэба памятаць.
Мастаку Мікалаю Кузьмічу спаўняецца сёння роўна 65 год. Для Беларусі ён вядомы аднаўленнем Крыжа Еўфрасінні Полацкай, выкананым у тэхніцы старыжытна-візантыйскай перагародкавай эмалі 12 стагоддзя.
Працуе ў галіне ювелірнага мастацтва і тэхніцы гарачых эмаляў. Яго працы знаходзяцца ў шэрагу прыватных музеяў Еўропы і Амерыкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Белта