Юбілейны выпуск “Ратушы” прэзентавалі ў Віцебску



«Ратуша» – гэта літаратурны альманах, дзе друкуюцца творы літаратараў з рэгіёну. Сваю назву выданне атрымала ў гонар славутага помніка архітэктуры, які стаў сімвалам Віцебску – будынка гарадской ратушы, у якім цяпер месціцца краязнаўчы музей.

Альманах выходзіць штогод, і яго нязменнай укладальніцай стала старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Настасся Лазебная, якая пазнаёміла прысутных на прэзентацыі з новым нумарам:

– Гэта юбілейны выпуск, 5-ты, у ім – 50 аўтараў. І ў «Ратушы» некалькі раздзелаў. Гэта «Паэзія», «Проза», «Дзецям», «Пераклады», «Гумар», «Крытыка і літаратуразнаўства». Што ў нас новага? Гэта рубрыка «Памяць», дзе мы расказваем пра тых літаратараў, якіх з намі ўжо няма, на жаль.

Верагодна, у наступным выпуску ў «Ратушы» будуць надрукаваны і творы школьнікаў – пераможцаў конкурсу «Казка – цудоўная краіна», які адбыўся сёлета. Але толькі самыя лепшыя, бо трапіць у лік аўтараў «Ратушы» даволі складана. Сёлета свае творы прапанавалі 70 паэтаў і пісьменнікаў, і ўкладальнікі былі вымушаны зрабіць складаны выбар ды камусьці адмовіць. Прэзентацыя выпуску ператварылася ў мастацкую імпрэзу, дзе прагучала шмат вершаў і нават песень.

Віцебская «Ратуша» мае сваю спецыфіку, падкрэсліў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка:

– Падобныя альманахі выходзяць ва ўсіх абласцях. А віцебскі адметны тым, што ў ім вельмі шмат паэтаў. Вельмі шмат цікавых аўтараў.І гэта не абавязкова сябры нашага саюзу – мы не дзелім літаратараў на «сваіх» і «чужых». Усё найлепшае, што пішуць у розных абласцях, павінна друкавацца ў нашых альманахах.

Адзінае пажаданне і ад укладальнікаў, і ад кіраўніцтва творчага саюзу, які ініцыяваў выданне літаратурных альманахаў, – каб у іх было больш беларускамоўных аўтараў, і каб творцы часцей імкнуліся звяртацца да чытачоў на роднай мове.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя