Юныя мастакі – пра Шагала і Малевіча



У Віцебску ўжо 12-ты раз прайшоў конкурс “Перспектыва”, у якім узялі ўдзел вучні мастацкіх школ. Сёлета ён прысвечаны 100-гадоваму юбілею Віцебскай народнай мастацкай вучэльні – навучальнай установе, заснаванай знакамітым Маркам Шагалам. Тут выкладаў і аўтар “Чорнага квадрату” Казімір Малевіч, стваральнік авангарднага аб’яднання мастакоў “УНОВИС» – «Утвердители нового искусства».

Не дзіва, што і конкурсныя працы ўдзельнікаў перагукаюцца з творамі мэтраў жывапісу пачатку 20-га стагоддзя. Іх творчасць лічыцца складанай для разумення, бо яна сімвалічная і шматсэнсоўная. Але – гэта найперш для дарослых, а не для дзяцей, лічыць старшыня журы конкурсу, кіраўніца віцебскай філіі “Беларускага саюзу мастакоў” Святлана Баранкоўская.

– Менавіта дзеці разумеюць гэтае мастацтва, таму што гэта мастацтва знакавае, якое выкарыстоўвае вельмі простыя сімвалы, вельмі простыя рэчы для выявы… І яны размаўляюць з гэтымі квадрацікамі, трохкутнічкамі, палосачкамі, ім не трэба гэта асэнсоўваць – яны гэта адчуваюць.

Тое, што сёлетні конкурс прысвечаны юбілею ўстановы, якая мае сусветную вядомасць, Святлана Баранкоўская таксама лічыць вельмі важным:

–  Чым больш мы будзем ведаць пра сваю спадчыну, пра сваю адметнасць, тым больш у нас будзе нагодаў глядзець на гэты свет не знізу ўверх, а проста, прама… І нам будзе не сорамна казаць: “Мы з Віцебску”.

Выстава твораў удзельнікаў 12-га конкурсу “Перспектыва” будзе экспанавацца да 30-га жніўня. Яна размеркавана па 3-х выставачных залах – у дзіцячай мастацкай школе, школе мастацтваў “Маладзік” і ў музеі “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя