Юрась Меляшкевіч: Дапамаглі выратаваць дзве старажытныя іконы
Дзве старажытныя іконы знайшлі і фактычна выратавалі ад знішчэння сябры Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі культуры ў адной з праваслаўных цэркваў Бешанковіцкгаа раёну Віцебскай вобласці. Іконы былі прызнаныя некананічнымі, уніяцкімі, і таму знаходзіліся не ў памяшканні царквы, а на званіцы.
Намеснік старшыні таварыства Юрась Меляшкевіч сказаў, што святары з царквы перадалі іконы прадстаўнікам таварыства аховы помнікаў. Але з умовай — адрэстаўраваць і адну з іконаў вярнуць, а другую перадаць у музей.
– Мы скарысталіся сваімі кантактамі ў Нацыянальным мастацкім музеі, з іх рэстаўрацыйнай службай, яны паглядзелі гэтыя абразы, сказалі, што сапраўды яны маюць для іх каштоўнасць. І ўзялі на ўмовах, што адзін яны сабе возьмуць у экспазіцыю, а другі яны перададуць уласнікам. Таму атрымалася так, што мы выканалі ролю пасярэдніка, выкарысталі мажлівасць нашай грамадскай арганізацыі, каб перадаць гэтыя абразы з царквы ў рэстаўрацыйную майстэрню мастацкага музея.
Усе неабходныя дакументы кіраўніцтвам музея падпісаныя. „Спадзяюся, што ўжо ў хуткім часе гэтыя абразы набудуць той выгляд, які мелі раней”, — сказаў Юрась Меляшкевіч.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя