Юрась Пацюпа: Беларуская мова губляе свой субстрат



Юрась Пацюпа – беларускі мовазнавец, паэт, празаік, крытык. Нарадзіўся ў Полацку, але дзяцінства і юнацтва правёў на Гарадзеншчыне – у Азёрах і Гародні. Скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсітэту. Затым выкладаў у гэтым ВНУ. Навуковую працу пачынаў пад кіраўніцтвам прафесара Аляксея Пяткевіча. Зараз жыве ў Менску і працуе ў Акадэміі навук. Доўгі час быў вядомы перадусім як паэт. Браў удзел у заснаванні Таварыства Вольных Літаратараў. Але справай свайго жыцця Юрась Пацюпа лічыць беларускую філалогію. Пра гэта ён распавёў у гутарцы з Алесем Аркушам.

DSC03222

РР: Юрась, ты пачынаў свой літаратурны, творчы шлях як паэт. А кім ты зараз пачуваешся?

Юрась Пацюпа: Ведаеце, кажуць, паэт – гэта на ўсё жыццё. Ад гэтага нікуды не дзенешся. І таму, напэўна, так яно і ёсць. Але паэт – тое, што нельга назваць прафесіяй. На цяперашні момант я, калі казаць у шырокім сэнсе, – філолаг. Займаюся рознымі рэчамі, а калі браць апошнія гады, то – займаюся вершазнаўствам, фальклорам. І калі ўжо дакладна, то беларускім народным вершаваннем.

РР: Калі казаць пра твае творчыя, літаратурныя здабыткі, што б ты вызначыў як сваё дасягненне? Што ты лічыш сваёй справай жыцця?

Юрась Пацюпа: Справай жыцця? Лічу, што мае вершы нечага вартыя. Спадзяюся, прынамсі. І ў той жа час гэта не справа жыцця. Хутчэй тое, што само сабой прыходзіць, гэта нельга запланаваць. Я нават сведама магу гадамі не пісаць вершаў толькі дзеля таго, каб яны не былі штучныя, вымучаныя, надуманыя. Хутчэй бы я назваў іх справай жыцця. А сэнсам жыцця – даследаванне беларускай мовы, і прытым даследванне такое, якое дапамагло б ёй захоўвацца самабытнай і заставацца жывой, а не проста аб’ектам вывучэння.

РР: Калі б нейкі выдавец прапанаваў табе выдаць кнігу, што б гэта была за кніга?

Юрась Пацюпа: Напэўна з вершаазнаўчымі даследаваннямі. Лічу, гэта лепшае, што я зрабіў, прынамсі за бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Я б сказаў, пачакайце, дапішу свае даследванні ў галіне вершаў. Мяркую, яны мяняюць наша ўяўленне пра дачыненні верша і прозы наагул. Можа, гэта і занадта абстрактна, і нават глабальна, не зводзіцца толькі да беларускай мовы. Але тое, што гэта ўзнікла на грунце беларускай мовы, у беларускім кантэксце – дакладна. Думаю, гэта вельмі важна. І для мовы ў тым ліку.

РР: А якую хочацца напісаць кнігу? Штосьці важнае для сябе.

Юрась Пацюпа: Важную… не адну кнігу напісаў бы. Хацеў бы напісаць манаграфію пра беларускі народны верш. Хацеў бы яшчэ напісаць агульную тэорыя верша. Такой у прынцыпе як бы і не існуе ў прыродзе. Ну ёсць тэарэтычныя працы ў гэтым плане, але іх вельмі мала. І яны ахапляюць толькі нейкія лакальныя аспекты. А калі гаварыць пра розныя кнігі, то я ўсё ж думаю, што некалі дараблю даследаванні па беларускіх дзеясловах, прыметніках, інакш кажучы, па граматыцы. Я б не сказаў, што ў мяне ёсць жаданне напісаць граматыку. Хутчэй нейкія аспекты граматыкі падаць так, каб убачыць у ёй тыя нюансы, якіх можа ніхто не бачыў. У якіх ёсць і беларуская самабытнасць, і ў той жа час ёсць нейкія агульныя аспекты, важныя па аналогіі, можа быць, і для другіх славянскіх моў. Ну і мне хацелася б, пра гэта я ўжо шмат разоў заяўляў, зрабіць нармальны руска-беларускі слоўнік.

РР: Дарэчы, як раз пра гэта хацеў запытацца, бо я сустракаў шмат людзей, якія казалі, што для іх Юрась Пацюпа перадусім аўтарытэт як мовазнаўца, як нават стваральнік сучаснай беларускай мовы. Калі б гэта быў слоўнік, слоўнік Пацюпы, што б гэта быў за слоўнік? Бліжэй да якога сучаснага гэта быў бы слоўнік?

Юрась Пацюпа: Так думаю, што аналагаў сучасных і няма. Я б не імкнуўся стварыць нейкі арыгінальны слоўнік. Гэта быў бы звычайны перакладальны слоўнік, руска-беларускі. І я б не сказаў, з гледзішча вечнасці, што гэта сама цікавы аспект мовы, але гэта проста на сённяшні дзень вельмі патрэбна, таму што ўсе беларусы рускамоўныя. І знайсці патрэбнае беларускае слова, знайсці дакладнае беларускае слова, бывае вельмі цяжка. Проста практычна патрэбна. А тыя, якія ёсць, яны або русіфікаваныя, або не навуковыя, або няпоўныя. І ў кожным нечага бракуе. А ёсць такія нюансы, якія проста ніхто і не распрацоўваў.

РР: А калі казаць пра праблему сённяшняй беларускай мовы, шмат кажуць, што праблема, напрыклад, русіфікацыя, што мова засмечана русізмамі, нехта кажа пра шматлікія паланізмы. А ў чым насамрэч праблема сённяшняй беларускай мовы?

Юрась Пацюпа: У двух словах сфармуляваць складана. Думаю, што адна з галоўных праблем – гэта ўсеагульная абыякавасць. Што да якасці мовы, уласнага маўлення, стылю, багацця мовы – людзі ставяцца нашмат больш абыякава, чым гэта было ў канцы 80-х – пачатку 90-х, калі мы пачыналі. Для сябе лічу, што я не здрадзіў тым ідэалам, якія былі выпрацаваныя тады, якіх я пільнуюся да гэтай пары. Але гэта толькі палова праблемы – якасць мовы. Проста ў людзей апусціліся рукі. Каб была беларуская мова! І гэтым яны здаволены. Некаторыя лічаць, што гэтым і выканалі свой абавязак перад мовай, ужо нічога астатняга не трэба. Словы крыху гучаць па-беларуску – ну і добра! Ну і хай сабе будзе! Нашто мне ламаць галаву! А другі аспект – тое, што страчваецца беларускі субстрат, той сялянскі слой, які захоўваў мову. Гэта не проста, калі людзі гаварылі па-беларуску як іх бацькі і дзяды. Інтэлігенцыя і цяпер гаворыць. І, можа, больш, чым калі. Але гэта не зусім субстрат. Рэч у тым, што дыялектная мова – гэта, як грыбніца, выток якой губляецца ў такой даўніне… А ўласна кажучы ён і не мае пачатку. Калі капаць вытокі, то дакапаемся да нейкай праславянскай, да індаеўрапейскай – і гэта бясконцы працэс… Народныя дыялекты захоўвалі гэтую грыбніцу. Захоўвалі тое, што ідзе ад самых вытокаў. Літаратурная мова адрозніваецца ад дыялектнай прыкладна таксама, як вада з крана адрозніваецца ад крынічнай вады. Безумоўна, вада з крана таксама можа быць і якасная, і добрая, і нават дыстыляваная, якая заўгодна. А крынічная вада можа несці і нейкія солі, якія можа быць не ўсім даспадобы. Але яна крынічная. І яе нічым нельга замяніць. Гэтага субстрату няма, і таму ідуць глабальныя парушэнні ў мове. Я, шчыра кажучы, нават і не ведаю, як з імі змагацца. Я над гэтым увесь час думаю, над гэтым працую, і нават калі ў нейкі момант не працую, то не спыняецца такая нутраная праца. Адному чалавеку гэтаму даць рады нельга.

DSC03236

РР: Калі казаць пра беларускіх мовазнаўцаў, і ранейшых, і цяперашніх, якія з гэтых навукоўцаў бліжэйшыя табе, на якіх ты таксама арыентуешся?

Юрась Пацюпа: На каго арыентуюся? Сярод мовацнаўцаў ёсць некалькі асоб, якіх можна назваць знакавымі. Для мяне, напэўна, постаць нумар адзін – гэта Ян Станкевіч. Я не скажу, што Станкевіч неаспрэчны, як мой адзін калега казаў “сонцападобны”, з якім нельга спрачацца, у выніках якога нельга сумнявацца. Але Станкевіч абняў рознае, тое што ў іншых ёсць па кавалках. Можна называць і іншых, можна назваць Фёдара Янкоўскага, які ў іншым кантэксце працаваў. Выглядае больш памяркоўным, не такім радыкальным, як Ян Станкевіч. Але таксама вельмі важная постаць. І калі Станкевіч не праходзіць, не пераконвае, тады трэба апеляваць да Янкоўскага. Бо зусім без аўтарытэтаў застацца таксама нельга. Для мяне вельмі цікавая постаць Ластоўскі, але я лічу, што Ластоўскага трэба чытаць з разуменнем. Неадэкватна чытаючы, можна наламаць дроў. Трэба быць падрыхтаваным, быць спецыялістам.

РР: Твае заняткі мовазнаўствам, фальклорам ці адбіваюцца на тваёй літаратурнай працы – ці пішуцца вершы сёння, ці пішуцца нейкія іншыя мастацкія тэксты?

Юрась Пацюпа: Адбіваецца… І адбіваецца па-рознаму. Можа нават месцамі негатыўна. Каб пісаць вершы, трэба жыць такім панскім жыццём. Прытым не проста гультая, а такога дзейснага гультая, які перажывае, які атрымвае асалоду ад жыцця, іначай кажучы, у пэўным сэнсе эстэта. Калі займаешся навукаю, то часамі проста на гэта бракуе часу. А пісаць вершы недзе між іншым – такое немажліва. Напэўна, раней я мог больш на зоры глядзець, мог, як той японец, спазіраць бясконца пейзаж нейкі, і таму часцей вершы пісаліся. А калі больш глядзіш у кампутар і ў кнігу, то пасля гэтага вершы ўжо не пішуцца. Ёсць і другі момант, ведаеце пра сараканожку, якая калі задумалася, як яна ходзіць, то перастала хадзіць. І калі ты ведаеш усе тонкасці як вершы будуюцца, то тады нецікава іх пісаць так, як яны пісаліся раней. Хочацца выкарыстаць больш складаную форму. І, бывае, нейкае пачуццё, якое ёсць, проста не фіксуеш у вершы, бо нецікава ў нейкай банальнай форме яго фіксаваць. А ў небанальнай форме яно само не фіксуецца.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара.