Юры Цыбін: “Басовішча з намі – сёння і назаўжды!”
17 ліпеня ўвечары адкрыццё на лясной палянцы Борык, ля мястэчка Гарадок , штогадовага фэсту Маладой Беларусі, як ён называўся першапачаткова, – “Басовішча-2015”. Арганізатары – Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Беластоку ды фонд Villa Sokrates – сёлета вярнулі конкурсную праграму. Увогуле, гэта 26-ы па ліку рок-фэст на Беласточчыне. Напярэдадні сустрэўся з арганізатарам першых вандровак на „Басовішча” у 90-х айчынных рок-музыкаў, прадусарам знакамітых “Рок-каранацый” ды “Року па вакацыях” – Юрыям Цыбіным. Ды выслухаў яго рэтраспектыўныя ўспаміны.
Юры Цыбін: Гэта вельмі-вельмі прыемнае ўражанне! 26 год таму для мяне “Басовішча” было першым замежным фэстам рок-музыкі – музыкі нашай, людзі надзвычай “адвязаліся”, як упершыню бачыш – усё па атмасферы ў “кайф”! І ў дзень, і ў 3 ночы. Тым больш, у нас тады “не дазвалялася” імпрэзаў на адкрытых пляцоўках. Другім разам мы перад канцэртамі пастаялі на кірмашы ў Беластоку – тады беларусы гандлявалі, нават я – кружэлкамі ды дыскамі ўласнай фірмы “Каўчэг”. “Ліхалецце” 90-х сышло – і цяпер нашы скупаюць беластоцкія кірмашы.
РР: Пытанне, як да прадусара. Некаторыя кажуць, што “Басовішча” страціла свой шанц сапраўды стаць транспамежным, паводле заявы, фэстам. Каб выйсці на агульнапольскую арэну, альбо замацавацца, пакуль не было жорсткай дыктатуры, і на беларускай арэне. Але штогод для маладых арганізатараў з БАС “усё ўпершыню і па-новаму”.
Юры Цыбін: З вышыні зробленага і пражытага – так, гэта і сёння самадзейны рок-фэст. Але ў звяз з тым, што ў грамадска-палітычным жыцці адбываецца ў “метраполіі”, яго важкасць значная гэтак жа, як глыток свабоды! І вось вам для мяне знакавы на ўсё жыццё ўспамін. Калі ўсёй “тусоўкай” ад’язджалі з Беласточчыны, памерлы Анатоль Сыс, не вытрымаўшы чакання, пехатой пайшоў да мяжы – пры чым, без усялякіх дакументаў. Я разам з табой, Віталь, кінуліся за ім да людзей у форме– маўляў, гэта ж знакаміты беларускі паэт, не чапайце! Мытнікі, нібы, адчулі і… прапусцілі яго! Дагэтуль памятаю – дзесьці мусяць з’явіцца першыя сонечныя промні і насустрач ім крочыць, як новая Беларусь – босы геній! Такі на ўсё жыццё запамінальны мянокліч “Басовішча …
Хэдлайнерам фэсту выступіць новы гурт Сяргея Міхалка “BRUTTO”. Беларускае Радыё Рацыя будзе весці прамую трансляцыю ўсіх канцэртаў “Басовішча-2015”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя