Юры Жыгамонт наведае Берасце
Актор і падарожнік Юры Жыгамонт пасля цяперашняй сваёй вандроўкі па Палессі завітае ў Берасце. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі мясцовай «Мовы нанова», якія рыхтуюць чарговую тэму заняткаў, дзе Жыгамонт будзе ганаровым госцем. Гаворыць сам аўтар і нязменны вядучы «Падарожжаў дылетанта», перадачы якая зрабіла яго папулярным і пазнавальным у беларускіх вёсках і мястэчках:
— У вёсцы мяне канешне пазнаюць, бо я іду ў капелюшы, з чамаданам, у акулярах. А калі я без паліто, без чамадана — не пазнаюць. Калі актор выходзіць з ролі і гледачы не пазнаюць, што гэта ён быў на сцэне, гэта лічыцца вялікім кампліментам для актора. Кожны з нас павінен нешта рабіць для сваёй зямлі, кожны нарадзіўся на гэтай зямлі не проста так, а для чагосьці. Я лічу, што тое, чым я займаюся, я не ў пустату гэта ўсё раблю.
Гэта першы публічны візіт Юрыя Жыгамонта ў Берасце з моманту перанесенага ім у траўні інфаркту. Сустрэча запланаваная на 25-га кастрычніка па адрасе Дзяржынскага 50, пачатак у 18:30.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце