Юрый Гардзееў: Антоні Тызенгаўз – адметная гістарычная асоба
Пра Антонія Тызенгаўза, вядомага магната, падскарбія надворнага Літоўскага, згадвалі падчас канферэнцыі, якая прайшла ў Гародні. Сярод іншага на канферэнцыі абмяркоўвалі хаду рэалізацыі транспамежнага праекту „Шляхамі Тызенгаўза”, які злучыў Саколку з Гародняй.
На канферэнцыі была прэзентаваная кніга гісторыка Юрыя Гардзеева „Антоні Тызенгаўз і яго эпоха”. Доктар гістарычных навук Юрый Гардзееў сёння Госць Рацыі.
РР: „Антоні Тызенгаўз і яго эпоха” – гэтая кніга пабачыла свет у Гародні падчас чарговай канферэнцыі, прысвечанай вывучэнню турыстычнага шляху, які спалучыў дзве краіны – Беларусь і Польшчу. Гэты маршрут называецца «Шляхамі Антонія Тызенгаўза». Вось ужо некалькі гадоў маршрут рупліва збірае зацікаўленых людзей. Ён пралягае па землях Гарадзеншчыны і Сакольшчыны. Наколькі асоба Антонія Тызенгаўза даследавана, вывучана? Што гэта за вобраз? Які характар меў Антоні Тызенгаўз?
Юрый Гардзееў: Ведаеце, справа ў тым, што Антоні Тызенгаўз – гэта такая постаць, якая была даследавана вельмі грунтоўна яшчэ ў міжваенны перыяд гарадзенцам па паходжанні Станіславам Касцялкоўскім, ён напісаў супер грунтоўную манаграфію, такі двухтомнік, і дапрацоўваў пазней гэтую кнігу, якая была выдадзена ў Лондане ў 70-х гадах ХХ стагоддзя. Матэрыялы, якімі ён карыстаўся, маглі быць знішчаны, ці былі знішчаны ў гады Другой сусветнай вайны. Але асобныя матэрыялы захаваліся. Напрыклад, у архіве старажытных актаў у Варшаве ёсць цэлы фонд, ён называецца «Архіў Тызенгаўзаў». Яго можна яшчэ больш грунтоўна даследаваць. І польскія даследчыкі пасля Другой сусветнай вайны актыўна праводзілі такое вывучэнне. Акрамя таго, напрыклад, перапіска Тызенгаўза з каралём захавалася ў бібліятэцы Чартарыйскіх. Пэўныя нюансы яго жыцця і дзейнасці яшчэ можна знайсці ў розных архівах. Такі прыклад магу прывесці, беларускі гісторык Дзяніс Кандакоў у Парыжы знайшоў матэрыялы, як Тызенгаўз інкогніта прыязджаў у Парыж, ён быў зацікаўлены ў тым, каб набыць тавары на парыжскіх мануфактурах. Гэта такая справа даследаванняў і перспектыў даседаванняў. Даволі складана казаць пра яго характар, таму што сучаснікі, супрацоўнікі Тызенгаўза пісалі, што ён меў выбуховы характар і г.д. Але мы не ў стане гэта праверыць, таму што гаворка ўсё ж такі ідзе пра 18 стагоддзе. Мы можам толькі сцвярджаць канкрэтныя факты яго дзейнасці.
РР: Вельмі часта Антонія Тызенгаўза называюць падскарбіем Літоўскім, а таксама старастам. Ці маглі б вы патлумачыць з гледзішча сённяшняга дня, што гэта была за асоба і якія пазіцыі ва ўрадзе ён займаў?
Юрый Гардзееў: Так, вы маеце рацыю, таму што ў нашай грамадскай думцы трывала замацаваліся пэўныя міфы. Я нават чытаў у розных публікацыях, што стараста – гэта быў «мэр» горада і г.д. Гэта не зусім правільна. Трэба памятаць, што грамадства часоў Рэчы Паспалітай мела саслоўны характар. І ўсе розныя саслоўі, напрыклад, мяшчане і шляхта, мелі свае органы самакіравання. Шляхта таксама мела. Гэта быў, напрыклад, земскі гродскі суд. Гродскі суд больш займаўся справамі крымінальнымі ў павеце. І вось адным з ураднікаў гродскага суду быў менавіта стараста. Стараста быў фактычна ў павеце галоўным суддзёй. Гэта першая справа. Ён прымаў удзел у самакіраванні шляхецкім. Другая справа, трэба памятаць пра тое, што ён быў падскарбіем надворным Літоўскім. У нас яшчэ быў падскарбій Вялікалітоўскі, які займаўся дзяржаўным скарбам. А падскарбій надворны займаўся каралеўскімі фінансамі. Фактычна ў дзяржаве былі два скарбы – каралеўскі і дзяржаўны. І вось Тызенгаўз загадваў менавіта каралеўскім скарбам.
Цалкам размова:
Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsat.eu