Ювелірная калекцыя брэнду «EGO-ART» ад Малевіча і Малея
У Музеі віцебскай мастацкай вучэльні, дзе калісьці выкладаў Казімір Малевіч, прэзентавалі ювелірную калекцыю паводле авангардысцкіх твораў ягонага паслядоўніка Аляксандра Малея. Калекцыю ўпрыгажэнняў са срэбра вырабіла вядомая беларуская кампанія «EGO-ART». Мастак, чые творчыя ідэі знайшлі адлюстраванне ў завушніцах, пярсцёнках ды падвесках, браў непасрэдны ўдзел у стварэнні калекцыі. Давялося шмат працаваць з мастакамі і дызайнерамі.
Кажа Аляксандр Малей:
– Я з імі цэлы месяц займаўся, урокі былі. Вывучалі маю творчасць, мае ідэі – метафізічныя, светапоглядныя, пластычныя. Потым пачалі маляваць эскізы твораў, я іх карэктаваў, каб яны мелі сваю самастойнасць, каб гэта было зроблена з пазіцый ювелірнага мастацтва. Я паслядоўнік Малевіча, развіваю ягоныя ідэі, і яны ўвасоблены ў ювелірных вырабах.
Пра калекцыю, якая мае назву «Double Space» (“Падвойная прастора”), распавёў дырэктар кампаніі «EGO-ART» Дзмітрый Рабунскі.
– Калекцыя ўся са срэбра, толькі адзін камплект у золаце. Гэта каля 20-ці прадметаў: пярсцёнкі, завушніцы, падвескі. Камяні пераважна сінтэтычныя, яшчэ мы выкарыстоўвалі халодную эмаль і першы раз – пярліны ад “Swarovski”, вельмі цікавы матэрыял. Гэта невялікая калекцыя, маласерыйная, мы не планавалі выпускаць вырабы кілаграмамі і тонамі. Каналы продажаў толькі свае – толькі нашы крамы, ад 100 да 200 рублёў каштуе прадмет.
Віцяблянін Аляксандр Малей стаў першым мастаком, чыя творчая канцэпцыя ўвасоблена ў ювелірных вырабах брэнду «EGO-ART» . Кампанія збіраецца пашыраць досвед супрацоўніцтва з рознымі творцамі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя