З Акадэміі навук масава звальняюць гісторыкаў



Супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН прыносяць паведамленні аб непрацягненні кантрактаў. На момант публікацыі вядома пра два такія выпадкі і пра адно вуснае паведамленне. На паперах стаіць подпіс намесніка дырэктара Інстытута па навуковай рабоце Вадзіма Лакізы.

У Інстытуце гісторыі планавалася атэстацыя 19-20 лістапада, але, відаць, супрацоўнікаў вырашылі звальняць нават не прыкрываючыся іх прафесійнай непрыдатнасцю. Магчыма, баяцца не паспець аформіць паперы, бо аб непрацягненні кантракта па законе трэба паведаміць за месяц. У вялікай часткі супрацоўнікаў Інстытута гісторыі кантракты заканчваюцца 31 снежня.

Паведамленні аб звальненні сёння атрымалі старшыня прафсаюзнай арганізацыі інстытута Кацярына Крывічаніна (займаецца найноўшай гісторыяй Беларусі; абараняла калег ад ціску адміністрацыі), медыевіст Мікола Волкаў (даследуе беларускія замкі; быў затрыманы на адным з нядзельных маршаў на трое сутак да суда і засуджаны да штрафу). 16 лістапада Вадзім Лакіза паведаміў пра непрацягненне кантракта геральдысту Аляксею Шаланду. Сёння яму таксама прынеслі пісьмовае паведамленне.

Аляксей Шаланда — той самы гісторык, які напісаў экспертнае заключэнне для суда, дзе патлумачыў, што выява бела-чырвона-белага сцяга не з’яўляецца ні цынічнай, ні зневажальнай, а з’яўляецца сімвалам беларускага народа. Суд над Марыяй Сафронавай, 20-гадовай мінчанкай, якая намалявала на асфальце бел-чырвона-белы сцяг і напісала «Жыве Беларусь!», прайшоў 11-12 лістапада і вынес вердыкт — два месяцы арышту.

Яшчэ 14-га жніўня Інстытут гісторыі прыняў заяву з чатырма патрабаваннямі:

1) вяртанне Канстытуцыі і законнасці ў краіне;

2) пакаранне тых, хто ўчыніў гвалт і забойствы;

3) расфарміраванне АМАП як злачыннай арганізацыі;

4) увядзенне выбарнасці суддзяў.

Супрацоўнікі ўдзельнічалі ў ланцугах салідарнасці ля прэзідыума ўстановы разам з прадстаўнікамі іншых інстытутаў, а таксама ладзілі ўласныя акцыі ў падтрымку калег, якія знаходзіліся за кратамі. Са жніўня шасцёра гісторыкаў былі затрыманыя, чацвёра з іх атрымалі адміністрацыйны арышт, двое — штрафы.

novychas.by