З Альбярціна вывезлі 4 вагоны скарбаў, вярнулася – паўвагона



Слонімскі мікрараён Альбярцін да сярэдзіны ХХ стагоддзя быў пасёлкам. Некалькі стагоддзяў ён належаў Пуслоўскім, якія ў свой час пабудавалі там вялікі парк, палац, флігель, стайню, адкрылі шэраг прадпрыемстваў. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны рускія казакі прымусілі Пуслоўскіх вывезці ў Маскву найбольш каштоўныя рэчы са свайго палаца. Для гэтага спатрэбілася 4 з паловай вагоны. Пасля вайны з вывезеных вагонаў скарбаў назад удалося вярнуць толькі паўвагона, астатняе бясследна зніла ў Маскве.

Palac Puslouskix sennja

У 2004 годзе ў Лондане адна мясцовая польская газета надрукавала артыкул “Альбярцін” Р.Міроўскага, дзе падрабязна была апісана сядзіба Пуслоўскіх у Альбярціне каля Слоніма да пачатку Першай сусветнай вайны. Аўтар прыводзіць звесткі пра музейныя, архіўныя і бібліятэчныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў мясцовым палацы Пуслоўскіх. “Калекцыя карцін з Альбярціна магла б з поспехам экспанавацца ў многіх еўрапейскіх галерэях”, — сцвярджае аўтар. Тут знаходзіліся эскізы “Галоўкі” Леанарда да Вінчы, “Кентаўра” Рубенса, дзве карціны Пітэра Брэйгеля, некалькі венецыянскіх партрэтаў. З польскіх мастакоў называюцца Шыман Чаховіч, Юліуш Косак, Францішак Жмурка. Апрача таго, у палацы знаходзіліся сямейныя партрэты, выявы каралёў і гетманаў Вялікага Княства Літоўскага. На сценах размяшчалася вялікая калекцыя саксонскага і мясцовага фарфору. Бібліятэка магла ганарыцца польскімі і італьянскімі выданнямі XVII стагоддзя, энцыклапедыямі, атласамі і геаграфічнымі мапамі (картамі). У архіве захоўваліся дакументы на пергаміне (некаторыя нават з XV стагоддзя) і г.д. Усё гэта знікла і знаходзіцца ў Расіі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.