З архіва Музея памяці Сібіры: Св. Андрэй Баболя – Апостал Палесся і „Крэсаў”



Музей памяці Сібіры ў Беластоку карпатліва збірае дакументы жыхароў Падляшша, сваякі якіх былі высланыя ў Сібір. Сярод экспанатаў – выява Андрэя Баболі і паштоўка з ссылкі ў Крынкаўскі раён Беластоцкай вобласці з калекцыі сям’і Кудашэвіч.

З экспанатамі пазнаёміў кіраўнік аддзелу культурніцкіх праектаў музею Пётр Паплаўскі:

– Паштовая картка нічым не закрывалася. Гэта значыцца, яе мог прачытаць, хто заўгодна. Галоўнае пытанне ў ёй: „Для чаго не пішаце?”. Гэта азначае, што адрасаты сапраўды не адказвалі, альбо што яны наўпрост і не атрымлівалі тых лістоў. І гэты паказвае як сям’і падчас вайны спрабавалі трымаць сувязь, але гэта не было мажліва. Не маем інфармацыі, ці абраз Андрэя Баболі быў далучаны да паштоўкі. Сам св. Баболя праз сваю гісторыю пакут звязаны з такі званымі „Крэсамі”. Яго называюць „Апостал Палесся”. Быў забіты паўстанцамі Хмяльніцкага. Частку свайго жыцця і душпастарскую работу вёў на землях памежжа.

Паштоўка і абраз Андрэя Баболі паходзяць ад Ванды Кудашэвіч, якая нарадзілася ў 1913 годзе ў Беластоку. Скончыла гандлёвую школу і была сябрам лёгкаатлетычнай секцыі клуба „Ягелонія-Беласток”. Жыла на вуліцы Фабрычнай, дом 43. Разам з сям’ёй была дэпартаваная ў Казахстан 13-га красавіка 1940 года.

Беларускае Радыё Рацыя