«З Богам па-беларуску»
Гісторыя Вільні і Віленшчыны неразрыўна звязаная з гісторыяй Беларусі. У пачатку ХХ стагоддзя горад стаў адным з цэнтраў беларускага нацыянальнага і рэлігійнага адраджэння. Менавіта гэтай тэматыцы прысвечана новая кніга айчыннага даследчыка Алеся Адамковіча «З Богам па-беларуску».
Прэзентацыя кнігі адбылася ў Менску ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі. «Мая другая кніга прысвечана рэлігійнай тэматыцы,» — гаворыць старшыня Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні Алесь Адамковіч.
— Хацелася паказаць асноўную праблему:м з Богам размаўляць па-беларуску не так аказваецца і лёгка, хоць здавалася б, што тут такога: хто хоча, той так і размаўляе, але менавіта праз усё дваццатае стагоддзе размаўляць з Богам па-беларуску ў многіх канфесіях было праблематычна.
Імпрэза праходзіла пры музычным суправаджэнні капэлы праваслаўнага Свята Петрапаўлаўскага сабора. Удзел у вечарыне таксама бралі: Адам Мальдзіс, Алесь Пашкевіч, Алесь Марачкін і многія іншыя.
Выданне «З Богам па-беларуску» — вынік руплівай працы Алеся Адамковіча ў Віленскіх архівах. У кнізе змешчаны цэлы шэраг дакументаў пачатку ХХ стагоддзя, якія ўпершыню з’явіліся ў друку.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск