З Гарадзенскага ўніверсітэта звальняюць дацэнтку Альбіну Семянчук



З Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звальняюць гісторыка Альбіну Семянчук. Ёй не працягнулі кантракт. Фармальная прычына — нібы надыход пенсійнага ўзросту, паведамляе Hrodna life.

«Набліжаецца да заканчэння мая 40-гадовая прыгода з Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам. У 1982 годзе я паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне, а 23 красавіка 2022 г. мушу бясслаўна пакінуць сваю alma mater з прычыны не працягнення кантракта. Гештальт, як кажуць, завершаны. Шкадавання няма, бо я, аказваецца, незаўважна для сябе, дасягнула пенсійнага ўзросту. Па-другое, гэтая ўстанова адукацыі ўжо даўно не адпавядае маім уяўленням аб сучасным універсітэце» — напісала гісторык у сваім Facebook.

З 1996 года Альбіна Семянчук працавала на кафедры беларускай культуры, мае ступень кандыдата гістарычных навук. Займаецца вывучэннем наратыўных крыніц XV—XVII стагоддзяў, беларуска-літоўскімі і польскімі летапісамі, даследаваннем гістарычнай думкі ў ВКЛ. Аўтарка некалькі дзясяткаў навуковых даследаванняў. Альбіна Семянчук рыхтавалася да абароны доктарскай дысертацыі.