“З кіно ў нас зараз – ніжэй ватэрлініі!”
На нядаўнім, 14-ым, з’ездзе Саюза кінематаграфістаў былі агучаныя “ўбойна-забойныя” лічбы, што адлюстроўваюць стан спраў у айчыннай кінематаграфіі. Дайце веры – пры галапуючай інфляцыі дзяржфінансаванне беларускага кіно за апошнія 3 гады знізілася з 90 да 60 млрд. руб. Бюджэт самога саюза стаў складаць аж… паўтара мільёна рублёў у месяц. “Кінасправа ў Беларусі пагрузілася ніжэй “ватэрлініі”!” Азначэнне не маё – гэта даслоўная цытата з выступу на з’ездзе міністра культуры Барыса Святлова. Што за ўсім гэтым стаіць? Дый ці ёсць хоць надзея ўтрымаць на плыве тонучы кінакарабель? Пра гэта – з сённяшнімі суразмоўцамі. Вось іх кароткія візітоўкі.
Незалежны ды аўтарытэтнейшы кінакрытык Ала Бабкова скончыла Маскоўскі ўніверсітэт, працавала на БТ у “Тэлефільме” ў часы СССР. Доўгі час была сакратаром праўлення Саюза кінематаграфістаў па сувязях з прэсай, адкуль і выйшла на знак пратэсту супраць бяздзеяння ды адсутнасці пазіцыі кіраўнікоў. Друкуецца ў Беларусі, Польшчы, Расеі.
Ала Бабкова
Самы старэйшы сёння кінарэжысёр ды дакументаліст Дзмітрый Зайцаў адпрацаваў на “Беларусьфільме” паўвека. Браў удзел у стварэнні 26 кінафільмаў, у палове з якіх у якасці рэжысёра. Яго апошняя кінапраца “Хам” па аднайменнаму твору Элаізы Ажэшкі ўзяла гран-пры ў Гішпаніі. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР ды БССР. Заслужаны дзеяч мастацтваў. На памянёным з’ездзе пасля ягонага, паводле агульнага меркавання, самага вострага выступу быў альтэрнатыўна абраны сябрам праўлення.
Дзмітрый Зайцаў
Выпускнік двух інстытутаў – айчыннага тэатральна-мастацкага ды Ленінградскага тэатра, музыкі ды кінематаграфіі – Уладзімір Міхарскі шмат год быў рэжысёрам “Тэлефільма”, дзе неаднаразова адзначаўся прызамі на ўсесаюзных ды міжнародных кіна-тэлефэстах. Рэжысёр папулярных тэлепраграм у 90-х мінулага веку “Крок” ды “Крок-2”. З 2007 супрацоўнічае з незалежным тэлеканалам “Белсат”, дзе зняў паўтара дзесятка дакументальных фільмаў, мноства тэлесюжэтаў для праграм “Маю права” ды “Рэпартэр”.
Уладзімір Міхарскі
РР: Што адбываецца ў беларускім кіно, ці ёсць у яго урэшце перспектывы?
Зайцаў: Паводле ацэнак адмыслоўцаў, толькі 5 % вытвараемых нашых карцін з’яўляюцца творамі кінамастацтва і прыносяць сякія-такія прыбыткі. Увогуле, у год робяцца 1-2 фільмы пры мінімальным бюджэце. Для параўнання – на “Масфільме” штогод вытвараецца больш за 100 карцін. Дырэктар Карэн Шахназараў ды першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Нікіта Міхалкоў патрабуюць ды просяць, каб гэта лічба ўзрасла да 250! Дарэчы, прыбытку у “Беларусьфільма” нуль. Камунальныя паслугі аплачвае студыя. Тры чалавекі прадаюць за бясцэнне пачкамі фільмы мінулых год, за што маюць уласны “гешэфт”…
РР: Але гэта не адзінае, чым Вам не пасуе дырэктар Сільвановіч, які, між іншым, кажуць сам напісаў заяву на звальненне?
Зайцаў: Апошняга па галоўцы не пагладзяць за злоўжыванне службовым становішчам, калі за грошы падаткаплацельшчыкаў ваяжыруе ў “Парыжы”. Я перажыў больш за дзясятак кіраўнікоў, але не сутыкаўся з такімі адносінамі. Да творчых супрацоўнікаў ім трэба ставіцца, як да дзяцей! А калі з выглядам чынушы ўнікаць, нібы, ва ўсе ”цяжкія” справы, і выказваюць злёту “аўтарытэтнае” меркаванне, сэнсу ніякага. Я з ім гутарыў – кажа, “галоўнае зараз прадаць карціны.” Але не разумее, што няякасныя ніхто і глядзець не стане!
РР: А Ваш нашумелы ў вузкіх колах фільм па аднайменнаму раману Элаізы Ажэшкі “Хам” на паліцах?
Зайцаў: Не, я атрымаў нядаўна гран-пры на кінафэсце ў Гішпаніі. Лічыцца лепшай экранізацыяй рамана для ТБ. Але ізноў – было 100-годдзе Ажэшкі. На ўшанаванне едзе дырэктар студыі Сільвановіч, а рэжысёру пра гэта нават не кажуць! І мае добрыя польскія знаёмыя Ежы Гофман і Ханка Дуновска мне тэлефануюць – што з табой здарылася, што не прыехаў?!
РР: На апошнім з’ездзе прагучала патрабаванне спыніць карыстанне расейскіх актораў ды рэжысёраў за беларускія грошы…
Бабкова: Гэта вельмі слушнае, але складанае пытанне. Ва ўсіх постсавецкіх краінах ёсць два кінасектары – дзяржаўны ды недзяржаўны. У той жа Расеі фінансуюцца да 8 незалежных кінакампаній з дзяржаўнага бюджэта – да прыкладу, студыі Міхалкова, Бандарчука, Бекманбетава. Такім чынам, у іх існуе надзвычай важны фактар – канкурэнцыя. У нас жа незалежніцкае кіно не будзе створана – не існуе свабоды кінабізнэса!
РР: Міністр культуры Барыс Святлоў агучыў, што, паводле загаду ўраду, яны вымушаныя былі зрабіць прапановы па развіццю беларускай кінематаграфіі на 2015-2020 гады. Самі апынуўшыся паміж Сцылай ды Харыбдай у тым сэнсе, што з аднаго боку там кажуць пра неабходнасць прыцягнення прыватных кінафірм, што ў прынцыпе гіпертрафавана адбылося ў тым жа “Авелі” – “Братах”. Але баяцца запрашаць сапраўдных і сумленных “зуброў”, многія з якіх ужо пайшлі да бога, іншых выціснулі…
Зайцаў: Прайграе нейкая краіна ў хакеі – бярэ ды запрашае з боку выдатных гульцоў. Чаму “Беларусьфільм” не мог бы за тыя ж грошы запрасіць тых жа Гаварухіна , Салаўёва?
Бабкова: Акурат прыклады ёсць. Фільм “Роля”, што здымаў вядомы расейскі рэжысёр Канстанцін Лапушанскі, курыраваў і незалежны прадусар Сяргей Сільянаў. Для Беларусі гэта чацвёрты такі праект. Але чаму наша кіраўніцтва не дае працы “сваім”, як гэта можна і варта было б зрабіць?!
РР: Але нашы акторы, рэжысёры могуць канкураваць з расейцамі?
Зайцаў: А як жа?! Нікіфараў толькі што за 3 месяцы зняў у Маскве карціну. Няўжо гэтага нельга было зрабіць у Менску?
Бабкова: Але рэжысёр такога высокага прафесійнага ўзроўню на Радзіме сёння не будзе працаваць, таму што будзе атрымліваць крыхі!
РР: Дарэчы на тым жа з’ездзе не было бачна аўтара нашумелага “Звычайнага прэзідэнта” Юрыя Хашчавацкага, Міхася Жданоўскага, які з Зянонам Пазьняком на “Беларусьфільме” (!) зрабіў сумленны кінааповед пра Курапаты, дакументаліста Віктара Дашука, рэжысёра “У вайны не жаночы твар” па Святлане Алексеевіч ці, скажам, тых жа маладых аўтараў, ужо ўзяўшага шэраг прызоў “Жыве Беларусь”. А Рыбараў, Нікіфараў! Я ўжо не кажу пра таленавітых маладых дакументалістаў, што паспяхова працуюць для тэлеканала “Белсат”…
Міхарскі: Такія “гіганты думкі” як Рыбакоў, Чыкін, што ўзначальвалі НДТРК, у свае часы разагналі “Тэлефільм” на БТ і нічога не стварылі. Але святое месца пустым не бывае. З’явіўся праект “Зваротны адлік” Уладзіміра Бокуна на АНТ. І “Белсат”, што вяшчае ад Урала да Вялікай Брытаніі. Пару год таму пакойны Генадзь Бураўкін расказаў мне, як, выходзячы з аэрапарта ў Лондане, яго сябра здзіўлена кажа: “Генадзь, а я пра цябе тут бачыў кіно!” Гэта ў Варшаву, Беласток прыйшлі моцныя ў творчых адносінах, сумленныя маладыя творцы, якім не знайшлося месца на афіцыйных “пляцоўках”. І ўжо паспяхова штурмуць міжнародныя фэсты. Ведаю, што сёлета і ў наступным годзе некалькі таленавітых праектаў будзе там прафінансавана.
Бабкова: Тут можна ўзгадаць Андрэя Куцілу з яго выдатным фільмам “Каханне па-беларуску”. Але для кінамоладзі на Радзіме няма творчага асяроддзя, што ім бы дапамагала асэнсоўваць сябе, як у Маскве, Кіеве, Піцеры. Нават кафэ накшталт славутага “Мутнага вока” ў Менску, дзе ўсе збіраліся б. Раней гэта і рабіў саюз, дзе абмяркоўваліся працы, ішло садзейнічанне выхаду рэжысёраў да гледачоў. Гэта было кінабратэраства! І нараджаліся асобы, што разумелі да ўсяго, што жывуць у краіне, якую любяць і дзе ім тварыць давеку.
Зайцаў: І немагчыма ўсяго памянёнага стварыць, калі саюз, студыя ўзначвальваюць выпадковыя людзі, прызначаныя чыноўнікамі па прынцыпу “што загадаеце”. У нас, між іншым, няма аўтарскіх правоў, як у кампазітараў, што атрымліваюць грошы за паўторы сваіх твораў. А ў кінапрадусараў, якія б узніклі, ўзніклі, навучаныя “дзёрзка думаць” спецы з падатковай абавязкова б запыталіся, шчоўкаючы наручнікамі – “а грошыкі адкуль?!”
Міхарскі: Аляксей Дудараў публічна спытваў – чаму за паўторы славутых “Белых Росаў” не плацяць? На тым жа “Тэлефільме”, дзе я прапрацаваў дзесяцігоддзі, плацілі!
Бабкова: Кіношнікі стаміліся ад таго, што з імі зрабілі за апошнія год 20. У мінулым годзе 24 эксперты зрабілі рэйтынг беларускага кіно за 90 год існавання. У першую дзясятку не ўвайшло ніводнага фільма новага стагоддзя!
Міхарскі: Нядаўна ў Вільні праяжджаў побач з былым будынкам Літоўскай кінастудыі – ён знесены. У нас усё-ткі працягваюць будаваць ды рэстаўраваць кінапавільёны. Не страціць бы шанец, аддаўшы іх для якога-небудзь індыйскага кіно!
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара