З нагоды 95-годдзя Пінскага музея
Адзін са старэйшых музеяў краіны – Музей Беларускага Палесся, які знаходзіцца ў Пінску. Ён мае вялікае значэнне не толькі для горада над Пінай альбо Берасцейшчыны. Тут захоўваецца шмат матэрыялаў, вялікі фонд варты ўвагі даследчыкаў і аматараў мінуўшчыны з усёй краіны ды замежжа. Захаваліся экспазіцыі, якія складаліся яшчэ напачатку працы музею. Установа не прыпыняла дзейнасці нават у самыя складаныя і трагічныя гады мінулага стагоддзя, якімі стала Другая Сусветная вайна.
З 1996 года ў былым езуіцкім калегіуме месціцца Музей Беларускага Палесся
Калі можна так сказаць, то сам Пінскі музей гэта “музей у музеи”, бо месціцца ў будынку колішняга езуіцкага калегіума. Ён паўстаў на беразе Піны разам з велічным касцёлам Святога Станіслава (знішчаны саветамі ў 1953 годзе) ў сярдзіне XVII стагоддзя. Імклівы сведка трох стагоддзяў гісторыі. У 1648 годзе муры калегіума сталі крэпасцю для казакоў Багдана Хмяльніцкага, якія бараніліся ад войскаў Януша Радзівіла. У 1705 годзе тут шведскі кароль Карл XII шукаў магчымасці, як перайсці праз пінскія багны, а ў 1784 годзе некалькі дзён жыў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Шмат муры калегіума бачылі, шмат чулі ды колькі яшчэ наперадзе…
Але ж вернемся да Музею Беларускага Палесся. У дзьвюх вялікіх артыкулах “Патрыярх пінскай даўніны. Музейныя гісторыі” і “ТОР-10 экспанатаў Музея Беларускага Палесся” Радыё Рацыя падрабязана распавядала пра гісторыю ўстановы, постаці ды розныя цікавосткі кшталту ліста супрацоўніка музею ў Крэмль. Таму паўтараць не мае сэнсу, а засяродзім увагу на тым, як музей у першыя гады свайго існавання папаўняў фонды. Станаўленне ўстановы адбылося ў перыяд уваходжання Пінска ў склад міжваеннай Польшчы.
У экспазіцыі захоўваецца ІІІ-ці Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, перавыдадзены ў Вільні ў сярэдзіне 17-га стагоддзя.
Сапраўды народны музей, бо фармаваўся дзякуючы падтрымцы мясцовых жыхароў. Так, напрыклад, у 1928 годзе тады дэпутат польскага парламента ад Піншчыны, а крыху пазней кіраўнік Пінска Пётр Алявінскі заклікаў пінчукоў зрабіць падарунак або перадаць на часовае захоўванне ў фонды музея рэчы, якія сімвалізуюць традыцыі, побыт, прыроду края. У бясконцых этнаграфічных экспедыцыях знаходзіліся “бацькі” музею Раман Гарашкевіч, Тадэвуш Каспяровіч ды Дзмітрый Георгіеўскі. Апошні не вярнуўся з экспедыцыі, якую пачаў 19 чэрвеня 1941 года.
Асаблівае сяброўства з установай склалася ў мастакоў Пінска. Магчыма казаць, што ў 1920-30-я гады паўстала пінская мастацкая школа, як тэндэнцыя, як напрамак. Вялікую ролю ў гэтым адыграла група творцаў: Фёдар Лаўроў, Іван Дыміч, Яўген Пулхаў, Арсеній Заяц, Сяргей Муханаў, Павел Петразаводскі, Аляксандр Лазіцкі. Гісторык Аляксандр Іліьн увогуле выказаў здагадку, што ў тыя часы пінскі архіепіскап Аляксандр Іназемцаў (гл.: Калі святар – ваяр, а святарскі крыж – зброя) меў намер стварыць у Пінску цэнтр іканапісу. Менавіта з-за гэтага іерарх падтрымліваў многіх маладых таленавітых мастакоў, вучыў іх за кошт царквы ў Кракаўскай мастацкай акадэміі. Напачатку ХХІ стагоддзя традыцыю той славутай школы спрабаваў адрадзіць мастак, педагог Яўген Шатохін.
Саркафаг ХІІ стагоддзя, захоўваецца ў выставачнай зале “Гісторыя Піншчыны”
Дык вось у 1934 годзе на Піншчыне здарылася вялікая паводка. І гэта пры тым, што рэгіён і так быў у водным атачэнні, зусім не так, як зараз. “Цяперашнім часам да Пінска можна даехаць аўтамабілем, аднак толькі ў сухую пару года, па адзінай дарозе, якая ідзе на ўсход ад Кобрыня… Першым уражаннем, якое зрабілі на мяне балоты, было адчуванне цішыні, якая час ад часу парушалася плёскатам вясла і рэдкім працяжным гудком парахода… Час паводкі звычайна прыпадае на сакавік альбо красавік, нізкі ўзровень вады – у верасні альбо кастрычніку… Шырыня і глыбіня рэк зменлівая. Пад час вясновай паводкі прыток вады павялічваецца ў 10-15 разоў, і яна шырока разліваеццапа па прасторы…”, – урыўкі з нататак амерыканскай даследчыцы Луізы Арнер Бойд, якая ўвосень 1934 года здзейсніла навуковую вандроўку па Пінскім Палессі.
Пад Пінскам, кастрычнік 1934 года. З палескай фотакалекцыі Луізы Арнер Бойд
Таму параўноўваць сучасную паводку, якая з кожным годам усё больш з’яўляецца выключэннем на Палессі, з “вялікай вадой” вясны 1934 года аніяк немагчыма. Пасля таго, як паводка адступіла, пінскія мастакі арганізавалі дабрачынную выставу. Усе сродкі з яе перадалі ў магістрат на патрэбы ахвярам, а працы, якія экспанавалі, перадалі ў дар музею. Так паступова закладалася вядомая Пінская карцінная галерэя. Афіцыйна яна запрацавала 7 траўня 1965 года, яе заснаваў мастацтвазнаўца Уладзімір Баравікоў.
Пінская карцінная галерэя
Музей Беларускага Палесся мае каля 70 тысяч адзінак асноўнага фонду ды звыш 15 тысяч адзінак навукова-дапаможнага матэрыялу. Супрацоўнікі музея працуюць над пастаяннай экспазіцыяй, ствараюць электронны каталог прадметаў ды ажыццяўляюць навукова-асветніцкія праекты. У нашыя дні Пінскі музей уяўляе сабой не толькі ўстанову па захаванні мінуўшчыны, а з’яўляецца культурна-асветніцкім цэнтрам беларускага Палесся.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск