З праграмы літаратуры выкраслілі кнігу Алексіевіч, замест яе дадалі Чаргінца
З вучэбнай праграмы па расейскай літаратуры за 11-ы клас у агульнаадукацыйных школах Беларусі зніклі Святлана Алексіевіч, Аляксандр Салжаніцын і Уладзімір Набокаў, піша Медиазона, Беларусь. Змены заўважыў выкладчык Сяргей Дубялевіч.
На сайце нацыянальнага адукацыйнага парталу даступныя школьныя праграмы на будучы навучальны год, а таксама прынятая ў 2017 годзе праграма, якая дзейнічала і ў 2020 годзе. У праграме, зацверджанай у 2020 годзе, у раздзеле «Месца і роля ў літаратурным працэсе дысідэнцкай літаратуры» прысутнічаюць Аляксандр Салжаніцын, Уладзімір Набокаў, Віктар Някрасаў. Асобна на вывучэнне твору «Один день Ивана Денисовича» ў праграме стаялі 3 гадзіны. Сярод твораў, для дадатковага чытання пазначаны «Матрёнин двор». У зацверджанай у 2021 годзе рэкамендаваным пісьменнікам застаўся толькі Някрасаў.
Сярод літаратуры, створанай беларускімі пісьменнікамі на расейскай мове ў праграме 2020 года ў раздзеле «Проза. Чалавек і вайна» вывучалася кніга Святланы Алексіевіч «Последние свидетели». У новай праграме на яе месцы старшыня праўладнага саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.
Нагадаем, 20 жніўня мінулага года Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу па факце стварэння Каардынацыйнай рады. 26 жніўня Святлану Алексіевіч дапыталі ў Следчым камітэце. Пазней яна з’ехала з краіны.