З верай у тое, што нараджаецца Новая Беларусь
“Сумленна і самааддана служыла беларушчыне, якую свядома выбрала і якой ніколі не здрадзіла. Яна стварыла сваю Беларусь і жыла ў сваёй Беларусі. Адбылося гэта напрыканцы 70-х, а ў беларусізацыю канца 80-х − пачатку 90-х Люба Тарасюк ішла, асвятляючы паходняй сваіх назапашаных ведаў шлях іншым… Яна доўга чакала перамен, радавалася гэтым пераменам, спадзявалася на незваротнасць гэтых перамен…”.
Гэтак доктар філалагічных навук Людміла Сінькова сказала ў гонар светлай памяці калегі Любові Тарасюк, якой сёння, 7 снежня, споўнілася б 68 гадоў. Але жыццё абарвалася надта зарана. Пра выбітную даследчыцу айчыннай літаратуры, паэтэсу нашае радыё ўжо распавядала не аднойчы. Напрыклад у матэрыялах “Да дня нараджэння „палескай разумніцы” ці “Гілевіч і Быкаў выхавалі “палескую разумніцу” падрабязана расказана пра жыццёвы і творчы шлях навукоўцы. З нагоды чарговых угодкаў засяродзім увагу на самых цікавых фактах яе біяграфіі.
Любоў Канстанцінаўна Тарасюк (07.12.1953 – 16.06.2006).
Любоў Тарасюк нарадзілася ў Пінкавічах, што пад Пінскам. У школьныя гады трапіла пад уплыў дасведчанага педагога – настаўніка беларускай мовы і літаратуры Івана Калошы, які створыў у вёсцы Народны літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа.
У 1966 годзе ў газеце “Піянер Беларусі” выйшла падборка вершаў 13-гадовай Любы. Гэта першыя крокі ў літаратуру. Але навукоўца не лічыла дэбютам з’яўленне вершаў у рэспубліканскай дзіцячай газеце, казала, што ўсё пачалося ў 1973 годзе. Тады ў часопісе “Маладосць” змясцілі нізку яе твораў.
На малой радзіме Якуба Коласа, пачатак 1970-х, Тарасюк у цэнтры.
Пінкавіцкую школу Тарасюк скончыла з залатым медалём і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, вучобу ў якім завершыла з чырвоным дыпломам. Тут яе заўважылі Ніл Гілевіч ды Васіль Быкаў. Яны ўзялі патранаж над здольнай студэнткай і накіроўвалі яе на канферэнцыі, семінары па літаратурнай тэматыцы. Курыравалі першыя даследаванні, навуковыя працы. Менавіта Гілевіч пераканаў Любу застацца працаваць у галоўным універсітэце краіны, дзе выкладала амаль 30 гадоў.
Калегі па БДУ ахарактарызавалі навуковую дзейнасць Любові Тарасюк, як працяг справы Алаізы Пашкевіч. Яна аўтарка двухста навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў. Тарасюк, як педагог, выхавала дзясяткі асоб, як, напрыклад, паэт Міхась Скобла ці драматург Сяргей Кавалёў.
Разам з калегамі.
У 27 год яна атрымала навуковую ступень кандыдата філалагічных навук, а ў 33-гадовым узросце стала дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Даследавала класічную і сучасную паэзію. Аўтар манаграфій “Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі” і “Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ ст.”.
У 1981 годзе Тарасюк прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Яе абіралі ў чальцы праўлення арганізацыі. Уваходзіла ў склад рэдакцыйнай калегіі літаратурнага часопіса “Маладосць”. З 1991 па 2005 год узначальвала суполку філалагічнага факультэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, а з 1995 года з’яўлялася ганаровым чальцом гэтай асацыяцыі.
Пасведчанне Саюзу пісьменнікаў Беларусі за подпісам Васіля Зуёнка.
У 1983 годзе свет пабачыў паэтычны зборнік “Смага ракі”, а ў 2003 годзе “Апалогія красы”. Падборка вершаў Тарасюк часта з’яўлялася ў часопісе “Маладосць” і тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, а ў 1997 годзе, каля дваццаці яе твораў уключылі ў кнігу “Галасы вёсен”.
Шматлікія працы навукоўцы – яе спадчына сучаснікам.
Любоў Канстанцінаўна Тарасюк памерла 16 чэрвеня 2006 года ў бацькоўскай хаце ад працяглай хваробы на 53 годзе жыцця. Яе пахавалі на могілках у Пінкавічах.
“Яе можна было бачыць на шмат якіх імпрэзах і мітынгах; яна верыла, што нараджаецца Новая Беларусь, і лічыла сваім доўгам удзельнічаць у гэтым працэсе, бо ведала, што “працы шмат, а працаўнікоў мала”. А таму адкладала пяро (дакладней, сваю ўлюбёную друкавальную машынку, якую эксплуатавала, даруйце, бязлітасна, з-за чаго часта даводзілася чыніць яе) ды ішла да грамады, каб засведчыць перад Богам і самой сабою праўдзівае разуменне абавязку нацыянальна свядомага чалавека…”, – Людміла Сінькова.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара.