За Беларусяй свету не бачыў…



У Беластоку на польскай мове выйшла з друку кніга Алены Глагоўскай, прысвечаная беларускаму паэту, гісторыку і грамадскаму дзеячу Хведару Ільяшэвічу (1910-1948). Яна называецца “„Za Białorusią świata nie widział”. Rzecz o Teodorze Iljaszewiczu — białoruskim poecie, historyku i działaczu”.

Сапраўды, таленавіты паэт, журналіст, настаўнік і грамадскі дзеяч Хведар Ільяшэвіч належаў да народжанага незадоўга да Першай сусветнай вайны пакалення беларускіх нацыянальных і літаратурных дзеячаў, якое беларускую дзейнасць пачынала ў сярэдзіне міжваеннага дваццацігоддзя. Уплыў на Хведара Ільяшэвіча, беларускую нацыянальную свядомасць, як піша Алена Глагоўская, аказала перш за ўсё навучанне ў Віленскай беларускай гімназіі, а таксама дзейнасць беларускіх арганізацый і ўстаноў у Другой Рэчы Паспалітай, галоўным чынам у Вільні.

Кароткае жыццё Хведара Ільяшэвіча, а ён пражыў усяго 38 гадоў, было напоўнена драматычнымі момантамі, звязанымі са зменлівымі сацыяльна-палітычнымі рэаліямі бурных міжваенных, ваенных і адразу пасля вайны гадоў. Нягледзячы на тое, што ён быў аўтарам выдадзеных да Другой сусветнай вайны трох тамоў паэзіі, апавяданняў і навуковых прац, Хведар Ільяшэвіч да гэтага часу не заслужыў манаграфіі свайго жыцця і творчасці. Таму кніга Алены Глагоўскай – гэта першая грунтоўная праца пра жыццё і творчую дзейнасць слыннага беларуса.

Выданне складаецца з прадмовы і трох раздзелаў, бібліяграфіі і фотаздымкаў.  Аснову канструкцыі кнігі склалі асобныя этапы жыцця Хведара Ільяшэвіча, звязаныя з Вільняй (1910-1937), Беластокам (1937-1944) і Германіяй (1944-1948). Аўтарка грунтоўна папрацавала ў розных архівах, апытала шмат літаратарараў і гісторыкаў, сваякоў і літаратуразнаўцаў, каб па мажлівасці нічога не прапусціць з жыцця і творчасці Хведара Ільяшэвіча. І гэта ёй удалося. Вельмі добра было б, каб кніга выйшла і на беларускай мове.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя