За чатыры гады – адзін дазволены канцэрт
Ці знікнуць у Беларусі “чорныя спісы”, у якія патрапілі “нячэсныя” музыканты? Пра гэта разважае бард Зміцер Вайцюшкевіч.
Лукашэнка лічыць, што з “забароненымі” беларускімі музыкамі не варта абыходзіцца занадта жорстка. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з журналістамі “Еўрарадыё”, радыё “Свабода” і партала TUT.BY.
“Вы ж мне ўжо казалі пра “чорны спіс” на мінулых прэс-канферэнцыях. Я цікавіўся: афіцыйнага спісу сапраўды такога няма. Але я яшчэ раз пагляджу на гэта. Ну, давайце Давыдзьку (кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі — Еўрарадыё) даручым, каб ён даў ім слова — у нейкім фармаце хай бы яны выступілі на тэлебачанні. Можа быць і гэта. Я ж ведаю, што Давыдзька ідэалагічна вытрыманы чалавек, беларус і размаўляе на беларускай мове цудоўна — ён не дапусціць, каб на тэлебачанні не тое вылезла. Давайце паспрабуем неяк зрушыць гэта пытанне з мёртвай кропкі”.
РР: Дык ці ёсць усё-такі чорныя спісы?
Зміцер Вайцюшкевіч: Натуральна, ёсць, бо я ж сам непасрэдны ўдзельнік усяго гэтага “шчасця”. Апошні канцэрт я здолеў арганізаваць аж 29 кастрычніка мінулага года. Гэта быў адзіны канцэрт за чатыры гады! Фактычна пяць гадоў мае выступы пад забаронай, таму можа мяне Лукашэнка і меў на ўвазе, калі казаў пра чорныя спісы. Хоць не цешу сябе нейкімі ілюзіямі, што ён ведае, хто такі Зміцер Вайцюшкевіч. Галоўнае, каб быў дазвол на канцэрты, каб у краіне спакойна ішлі нейкія культурныя працэсы.
РР: Лукашэнка паабяцаў, што яшчэ раз разбярэцца з гэтым пытаннем…
Зміцер Вайцюшкевіч: З усім жа разабрацца немагчыма, таму што ў краіне зараз крызіс, жніво, трэба аддаваць крэдыты. Я, як культурны дзеяч, Лукашэнку разумею, гэта не яго ўзровень. З “чорнымі спісамі” ў першую чаргу павінны разабрацца людзі, якія за гэта адказваюць.
РР: Але пры гэтым музыкантам, якія “накасячылі”, рэкмендуецца “змяніць сваю пазіцыю, калі яна няправільная”. Чулі пра гэта?
Зміцер Вайцюшкевіч: Я ж перагледжваю погляды, знаходжуся ў працэсе… Слухаю Беларускае радыё, гляджу БТ, каб проста ведаць, пра што там думаюць. Так што эвалюцыя ў маёй галаве адбываецца. Але я, як кажа той жа Лукашэнка, нахіляцца таксама не ў стане. Я ж спяваю для ўсіх жыхароў гэтай краіны.
РР: Ёсць шанц, што “чорныя спісы” ў бліжэйшай будучыні знікнуць?
Зміцер Вайцюшкевіч: Я заўсёды ў нешта веру, бо вялікі аптыміст. Я нарадзіўся тут і буду жыць тут.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя