За прэмію Ядкоўскага змагаюцца бібліятэкар, краязнаўца і журналіст
Унікальную прэмію імя Ядкоўскага ўручаць у Гародні на пачатку лістапада.
У чым яе адметнасць, распавядае сёлетняя каардынатарка прэміі Таццяна Касатая-Герасюк:
– Яна была заснавана яшчэ ў 2012 годзе для таго, каб зрабіць унёсак у развіццё гісторыка-культурнай спадчыны, яе актуалізацыю, папулярызацыю. Гэта прэмія ўручаецца кожны год. Ёсць людзі, якія ствараюць своеасаблівы савет і гэты савет высоўвае кандыдатаў, якія атрымліваюць прэмію Ядкоўскага.
Па словах Таццяны Касатай–Герасюк, вызначыліся тры кандыдатуры:
– Краязнаўца, бібліёграф Любоў Турмасава. Журналіст і сапраўдны даследчык горада Руслан Кулевіч. Таксама гісторык, краязнаўца Мечыслаў Супрон.
РР: Як звычайна адбываецца ўручэнне прэміі?
– Недзе ў пачатку лістапада. Звычайна гэта прымеркавана да Дня святога Губерта. Не абавязкова ў гэты ж самы дзень, калі адзначаецца, але каб прымеркаваць да гэтага дня.
Хто дакладна стане лаўрэатам гэтай прэміі будзе вядома толькі ў дзень яе ўручэння, пакуль жа рада гісторыкаў збірае сярод гісторыкаў і краязнаўцаў грошы, каб уручыць прэмію лепшаму з іх.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня